Сёння стартуюць XXIII зімовыя Алімпійскія гульні

9 февраля 2018

Меней за сем гадзін застаецца да старту XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў. За грандыёзным шоу ў Алімпійскім палацы ў Пхёнчхане ўвачавідкі будуць назіраць каля 75 000 гледачоў. Пасля гадзіннага дынамічнага шоу пачнецца парад краін-удзельніц. Беларусы за ўрачыстым адкрыццём змогуць сачыць у прамым эфіры "Беларусь 1". Феерычнае нараджэнне алімпійскага агню пачнецца ў 13:55.

Эстафета алімпійскага агню, якая стартавала 1 лістапада - за сто дзён да пачатку Гульняў, сёння завершыцца ў Пхёнчхане. 7 500 факеланосцаў прынялі ўдзел у ёй, даўжыня маршруту сімвалічна склала дзве тысячы васямнаццаць кіламетраў.

Адным з апошніх на цырымоніі адкрыцця пранясе факел кіраўнік МАК Томас Бах.

Томас Бах, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта: "З вялікім нецярпеннем чакаю гэтага моманту. Эстафета алімпійскага агню дасць мне магчымасць сказаць сімвалічны дзякуй старшыні Генеральнай асамблеі ААН, які спрыяў устанаўленню алімпійскага перамір'я".

Здарылася гэта напярэдадні, Генсак ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў усе бакі канфліктаў выконваць падчас Гульняў у Пхёнчхане алімпійскае перамір'е. А вось якой будзе цырымонія адкрыцця, арганізатары трымаюць у сакрэце: вядома толькі, што яна стане адной з самых халодных у гісторыі. Сіноптыкі з улікам ветру чакаюць мінус 10 градусаў.

Адзначым, гэтыя Гульні стануць першымі, дзе сцяганосцамі сваіх каманд выступяць выключна спартсмены. Нагадаем, беларускі флаг пранясе Ала Цупер. Каментаваць цырымонію будуць Уладзімір Навіцкі і Аляксандр Дзмітрыеў.

Белтэлерадыёкампанія асветліць Гульні максімальна шырока - тэлеканал "Беларусь 5" стане алімпійскім.

Парад традыцыйна адкрыюць грэкі, апошняй перад гледачамі з’явіцца аб'яднаная каманда карэйскіх спартсменаў. Пачатак прамой трансляцыі цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў на тэлеканале "Беларусь 1" пачнецца ў 13:55.