Сёння стартуе чэмпіянат свету па хакеі

5 мая 2017

Чэмпіянат свету па хакеі стартуе сёння ў Германіі і Францыі. Матчы групы В, дзе выступяць беларусы, пройдуць у Парыжы. На старце планетарнага форуму беларусы сустракаюцца з фінамі. І калі на мінулым чэмпіянаце наша каманда прайграла "Суомі" 2:6, то ў 2015 годзе Беларусь адабрала ў Фінляндыі адзін бал, уступіўшы ў серыі булітаў. На думку хакеістаў і трэнерскага штаба, сёння каманда можа разлічваць на паспяховы старт.

Шарль Лінгле, нападаючы нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі: "Летась мы пачыналі турнір таксама супраць фінаў. І першыя 20 хвілін мы гулялі з імі на роўных. А затым у другім і трэцім перыядах праваліліся, невядома па якой прычыне. Наша гульня зламалася. Мы можам з імі змагацца. У нас ёсць вопыт і маладыя хлопцы, якія жадаюць перамагаць. Нам трэба заставацца стрыманымі. Гуляць 60 хвілін на адным узроўні. Пры такіх умовах у нас ёсць шанц".

Прамая трансляцыя супрацьстаяння Беларусь - Фінляндыя пачнецца ў 17:50 на "Беларусь 1", а "Беларусь 5" пакажа сустрэчу ў запісы ў 23:50. Ужо заўтра сустракаемся з чэхамі, 8 мая - з канадцамі. 10 - гульня са Швейцарыяй, 12 - сустрэча з французамі, на наступны дзень дуэль са Славеніяй, і завершыцца групавы этап для беларусаў матчам з нарвежцамі 16 мая.