Рубрыка "Матчбол" пра галоўныя спартыўныя падзеі тыдня

23 октября 2023

У рамках Адзінай лігі ВТБ баскетбольны "Мінск" саступае "Парме". Яшчэ ніколі сталічны клуб не быў так блізка да трыумфу, але пасля лідзіравання страціў шанцы на першую патэнцыяльную  перамогу ў гэтым сезоне. А вось хакейнае "Дынама" бліскуча перамагае "Салават Юлаеў" на "Мінск-Арэне". Пра галоўныя спартыўныя падзеі  традыцыйна ў панядзелак у рубрыцы "Матчбол".

Футбол застаецца ў цэнтры нашай увагі. Жодзінскае "Тарпеда" гуляе ўнічыю з "Нёманам" у галоўнай гульні 25-га тура першынства краіны, а вось мінскае "Дынама" перамагае.

Лік 1:1 у гульні аўтазаводцаў у Жодзіне з камандай Ігара Кавалевіча, безумоўна, на карысць сталічнага "Дынама". Менавіта клуб з Гродна сёння з’яўляецца галоўным канкурэнтам мінчан у барацьбе за залатыя медалі першынства Беларусі.

Шанцам павялічыць адрыў ад "Нёмана" "Дынама" скарысталася выдатна, 1:0 перайграўшы футбольны клуб "Мінск".

Дзякуючы нічыёй "Тарпеда" застаецца на трэцім месцы турнірнай табліцы, аднак найбліжэйшы праследавацель адстае ўсяго на 2 балы.  БАТЭ перамог "Славію" (2:0) і дзякуючы гэтаму скараціў адставанне ад каманды з Жодзіна да 4 ачкоў.

Пры гэтым у барысаўчан адна гульня ў запасе. Ужо ў сераду БАТЭ згуляе свой чарговы матч, гэтым разам супраць "Мінска". Паядынак пройдзе на стадыёне "Гарадскі".

Сталічнае хакейнае "Дынама" напярэдадні здолела спыніць серыю з трох паражэнняў запар у Кантынентальнай хакейнай лізе. Бела-блакітныя сустракаліся з "Салават Юлаевым", пасля першага перыяду саступалі 0:2. Здавалася, з такім складаным сапернікам мінчане нічога не зробяць, толькі вось здавалася. Дзмітрый Квартальнаў знайшоў неабходныя словы сваім хакеістам, якія ў бліскучым стылі ў выніку перамаглі 3:2 у авертайме.

На дадзены момант мінскае "Дынама" займае сёмае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

Валейбольны "Шахцёр" у суботу прадоўжыў сваё выступленне ў Суперлізе Расіі. У Маскве хлопцы Віктара Бекшы сустракаліся з сярэбраным прызёрам мінулага чэмпіянату - мясцовым "Дынама", навязаўшы сур'ёзную барацьбу ў кожнай партыі. Усё ж "гарнякі" саступілі 0:3. У сераду ў 1/8 фіналу Кубка Расіі "Шахцёр" у гасцях згуляе паядынак у адказ супраць "Белагор'я". Першая гульня, нагадаем, завяршылася перамогай расіян, 3:0.

На гэтым тыдні сочым за сталічным "Дынама" ў КХЛ, гульнямі Экстралігі і футболам. У пятніцу ў Лізе нацый жаночая зборная Беларусі згуляе супраць Славеніі.  Усё гэта вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.