Рубрыка "Матчбол"

29 февраля 2016

Максім Мірны перамагае! На тэнісным турніры ў Мексіцы, прызавы фонд якога амаль паўтара мільёна долараў, у парным разрадзе мінчанін святкуе перамогу ў тандэме з філіпінцам Трэтам Х'юі. Для Мірнага гэта перамога стала 49 у прафесійнай кар'еры. Такім чынам, беларус працягвае барацьбу за пуцёўку на Алімпіяду. Спартыўныя дасягненні, аб якіх трэба ведаць, - у рубрыцы “Матчбол”.

Жаночая зборная краіны па баскетболе пасля нечаканага і вельмі непрыемнага пройгрышу ў Польшчы ад мясцовай зборнай на мінулым тыдні ў матчы ў адказ павінна была перамагаць. Яшчэ адна вікторыя нашых заходніх суседак амаль перакрэсліла б надзеі беларусак на ўдзел у чэмпіянаце Еўропы.

Пройгрыш з розніцай мінус у 9 у гасцях прымушаў нашу дружыну перамагаць з розніцай мінімум у 10 балаў у мінулую сераду, каб беларускі заставаліся на першым месцы ў сваёй групе. І каманда Анатоля Буяльскага выканала пастаўленую мэту, прычым больш чым упэўнена. Плюс 17 - 79:62 Беларусь мацнейшая за Польшчу, а гэта значыць, лёс пуцёўкі на чэмпіянат Еўропы зараз залежыць толькі ад нас.

Апошні матч у групе зборная Беларусі правядзе толькі 19 лістапада супраць зборнай Бельгіі ў гасцях: перамога нават у адзін бал гарантуе нашай камандзе ўдзел у фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы. А зараз дзяўчаты пачнуць падрыхтоўку да алімпійскага адборачнага турніру - ён пройдзе ў Францыі ў сярэдзіне чэрвеня.

Надзея Скардзіна - двухразовая чэмпіёнка Еўропы. Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Сочы ў суботу стала лепшай у гонцы праследавання на чэмпіянаце Старога Свету, які праходзіў у Цюмені. Надзея адправілася на дыстанцыю пятай, адстаючы ад пераможцы спрынтарскай гонкі - немкі Надзін Хорхлер - на 35 секунд. Аднак беларуска паказала добрую хуткасць і ўжо пасля першага агнявога рубяжа Скардзіна захапіла лідарства, і больш не дазваляла саперніцам апярэдзіць сябе. Біятланістка пацвердзіла свае снайперскія якасці пры вялікім ветры, дапусціўшы толькі 2 асечкі на апошнім агнявым рубяжы. Аднак і гэта не перашкодзіла Надзеі Скардзіне атрымаць перамогу.

На гэтым тыдні сочым за біятлонам: у чацвер стартуе чэмпіянат свету ў Нарвегіі, першая гонка - змяшаная эстафета, паралельна падтрымліваем свае хакейныя клубы у плэй-оф Экстра-лігі, цікавімся і матчамі накаўт-раўнду КХЛ: зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і яшчэ ўбачымся.