Рубрыка "Матчбол".

13 января 2020
Гандбол у гэтыя дні ў авангардзе спартыўных падзей, на чэмпіянаце Еўропы беларусы змагаюцца за магчымасць выступіць на Алімпіядзе ў Токіа. Задача складаная, мінімум трэба заваяваць медалі першынства. 

Увечары наша каманда згуляе супраць Чарнагорыі. Прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5". А вось пра тое, што ўжо адбылося ў свеце спорту, раскажа "Матчбол".

Пачнём з біятлона. Выдатна выступілі беларусы на чацвёртым этапе Кубка свету: у нямецкім Аберхофе Ірына Крыўко напярэдадні стала сёмай, у суботу мужчынская зборная ў эстафеце на фінішы пятая.

Гэты вынік стаў лепшым за адзінаццаць гадоў, Антон Смольскі, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў і Мікіта Лабастаў прыемна здзівілі. Адзначым хуткасць беларусаў: у гэтым паказчыку мы саступілі толькі французам, спартсменам Германіі і Нарвегіі. Дарэчы, апошнія і перамаглі ў эстафеце.

Парадаваў сваіх прыхільнікаў і Раман Ялётнаў у асабістых гонках. У спрынце ён чатырнаццаты, у першым у сваёй кар'еры масс-старце - васямнаццаты.

Да апошняга ў аналагічнай жаночай гонцы за вікторыю змагалася Ірына Крыўко, аднак чатыры недакладныя стрэлы на апошнім агнявым рубяжы не дазволілі трапіць беларусцы на п’едэстал - сёмае месца. Перамагла Кайса Макарайнен з Фінляндыі.

У пятніцу сталічнае хакейнае "Дынама" нарэшце выйгравае на "Мінск-Арэне", "Віцязь" саступіў бела-блакітным 2:3. На жаль, учора замацаваць поспех не атрымалася.

Маскоўскі "Спартак" - пятая каманда Заходняй канферэнцыі - завітала ў госці да "Дынама". Супрацьстаяць на роўных у "зуброў" не атрымалася, непрыемнае паражэнне 1:5. Галоўны трэнер "Спартака" Алег Знарок адзначыў, што нягледзячы на вынік гульня атрымалася складанай.

У "Дынама" засталося 32 балы ў актыве - каманда займае апошняе месца ў турнірнай табліцы.

Трэцяя перамога ў 13 матчах. Мінскія "Цмокі" на хатняй пляцоўцы мацнейшыя за саратаўскі "Аўтадар" 88:80. Самыя дзейсныя ў складзе гаспадароў - Максім Салаш і Бранка Міркавіч - па 16 ачкоў. Пакуль "драконы" застаюцца на апошнім месцы ў турнірнай табліцы.

Максім Недасекаў - зноў лепшы лёгкаатлет Беларусі, Таццяна Халадовіч - лепшая сярод жанчын. Шосты раз Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі падвяла вынікі года. Таемным галасаваннем Максім Недасекаў таксама прызнаны лепшым у катэгорыі "Моладзь", у гэтай узроставай групе ў дзяўчат уладальніцай бронзавай статуэткі стала Карына Дзямідзік. Таксама ўдастоеныя ўзнагароды ў сваіх намінацыях Мікіта Каляда, Аліна Лучшава, Раман Хартановіч, Лізавета Грышкевіч, Таццяна Нарэйка і Валерый Аксянчук. 

Нагадаем, галоўным стартам для беларускіх лёгкаатлетаў стане Алімпіяда ў Токіа, якая адкрыецца 24  ліпеня. 

На гэтым тыдні сочым за хакеем: вашай увазе Экстраліга і матчы "Дынама" ў КХЛ. У сераду стартуе пяты этап Кубка свету па біятлоне, а "Цмокі" ў суботу ў Лізе ВТБ у гасцях згуляюць супраць "Лакаматыва". Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі, любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.