Рубрыка "Матчбол"

4 февраля 2019

Мінчанка Арына Сабаленка ўсё бліжэй да першага радка сусветнага рэйтынгу WTA. Выхад ў паўфінал турніру ў Санкт-Пецярбургу дазволіў Арыне стаць дзявятай ракеткай свету. Больш падрабязна пра спартыўныя падзеі Станіслаў Ліпскі.

Чэмпіянат краіны па футболе яшчэ не стартаваў, аднак ужо зразумела: турнір абяцае стаць адным з самых цікавых за апошні час. Так, па выніках выканкама АБФФ у наступным сезоне адразу тры каманды могуць пакінуць элітны дывізіён.

Чатырнаццатая каманда Вышэйшай лігі згуляе пераходныя матчы з трэцяй камандай Першай лігі. Наймацнейшая з іх выступіць у эліце ў наступным годзе. Дарэчы, чэмпіянат стартуе 29 сакавіка. На пасадзе галоўнага трэнера мінскага "Дынама" ўсё ж адбылася перастаноўка. Сяргей Гурэнка пакінуў клуб, прыйшоў Раман Піліпчук. Нагадаем, у жодзінскім "Тарпеда" таксама змяненне - Вадзім Скрыпчанка паспрабуе выканаць задачу трапіць у чацвёрку лепшых. Склад "аўтазаводцаў" узмацнілі: Раман Бегуноў, Андрэй Гарбуноў, Марка Абрадавіч.

Футбалісты БАТЭ першымі з беларускіх клубаў ужо праз 10 дзён выйдуць на поле ў афіцыйным паядынку новага сезона. У раўндзе плэй-оф Лігі Еўропы 14 лютага барысаўчане дома згуляюць супраць лонданскага "Арсенала". Квіткі на паядынак яшчэ застаюцца ў продажы.

"Мінчанка" ў гасцях перамагае канкурэнта за выхад у плэй-оф расійскай Суперлігі. Каманда Віктара Ганчарова здабывае складаную вікторыю над "Ленінградкай" - 3:2, набірае сваё пятнаццатае ачко ў рэгулярным чэмпіянаце і скарачае адставанне ад "Сахаліна", які займае восьмае месца, да 6 балаў. 10 лютага "Мінчанка" на хатняй арэне згуляе супраць "Уралачкі". Падтрымліваем нашых дзяўчат разам!

А вось сталічнае хакейнае "Дынама" датэрмінова развіталася з магчымасцю згуляць у плэй-оф КХЛ. Трэці сезон запар "зубры" не прымуць удзел у барацьбе за медалі спаборніцтваў.

Пройгрыш аўтсайдару Усходняй канферэнцыі - "Адміралу" - на "Мінск-Арэне" ў серыі булітаў 2:3 пазбавіў беларусаў нават тэарэтычных шанцаў на выхад у плэй-оф. Што чакае каманду ў міжсезонне - пакуль застаецца толькі здагадвацца.

На гэтым тыдні сочым за біятлонам. Сёмы этап Кубка свету ў чацвер стартуе ў канадскім Кенмары, у пятніцу - тэніс: Кубак Федэрацыі, Беларусь - Германія. У нядзелю баскетбалісты сталічных "Цмокаў" у Мінску згуляюць супраць "Зеніта".

Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!