Рубрыка "Матчбол"

6 апреля 2015

Баскетбалісты сталічных "Цмокаў" атрымліваюць сваю шостую перамогу ў сезоне. “Драконы” на пляцоўцы "Мінск-Арэны" перайгралі "Астану" з Казахстана. Аднак у турнірнай табліцы каманда застаецца на апошнім месцы. Тым часам Дар'я Домрачава перамагае ў гонцы чэмпіёнаў - у мас-старце, а вось у змяшанай эстафеце мінчанка толькі чацвёртая.

Падрабязнасці ў Станіслава Ліпскага.

Рубрыка "Матчбол" прадаўжае вандраваць па гарадах Цэнтральнага рэгіёна: на мінулым тыдні мы завіталі ў Маладзечна, у горадзе нацыянальная зборная краіны па хакеі праводзіла свой першы матч у рамках Еўрапейскага хакейнага вызаву: сапернік - моцная каманда Латвіі.

Галоўная мэта паядынку - прагледзець і адабраць самых лепшых гульцоў на гэты момант - тых, хто будзе абараняць гонар краіны на чэмпіянаце свету. 1 мая ў Чэхіі стартуе турнір. Таму абедзве каманды былі прадстаўлены не мацнейшымі складамі. У зборнай Латвіі ён увогуле ўсяго на 60% адпавядаў таму, які будзе на планетарным форуме.

На дакладны кідок Максіма Шырокава беларусы адказалі шайбамі Артура Гаўруса і Мікіты Усціненкі - 2:1.

У суботу каманды згулялі зноў, аднак гульня праходзіла ў Лідзе. Без Аляксея Калюжнага, Аляксандра Кулакова, Андрэя Касціцына дружына Дэйва Льюіса прайграла - 0:1. Перад стартам чэмпіянату свету зборная ў Беларусі правядзе яшчэ два матчы: 24 красавіка ў Мінску, а 25 у Салігорску супраць Нарвегіі.

У Кубку краіны па футболе сталічнае "Дынама" ўсё ж здолела прайсці Віцебск па суме двух матчаў. Пасля пройгрышу ў Мінску 1:2, у паядынку ў адказ “бела-блакітныя” 3:1 адсвяткавалі вікторыю. БАТЭ таксама у паўфінале - 1:0 ў Гродне чэмпіён перамог "Нёман", салігорскі "Шахцёр" разграміў "Граніт" 3:0. Цэнтральны рэгіён на гэтай стадыі без страт.

Дар’я Домрачава перамагае ў апошнім мас-старце сезона: у рамках гонцы чэмпіёнаў, якую прымала расійская "Цюмень", першае і другое месца засталося за беларускамі. Дар’я - першая, Надзея Скардзіна - другая. Аднак змяшаная эстафета для нашых дзяўчын атрымалася жудасна няўдалай: Скардзіна пасля сутыкнення з расійскім біятланістам зламала вінтоўку і ў выніку разам з Мартэнам Фуркадам заняла апошняе месца, Дар’я Домрачава з Уле Эйнарам Б'ёрндаленам сталі чацвёртымі. Сезон у біятланістаў завершаны.

На гэтым тыдні стартуе чэмпіянат краіны па футболе у Вышэйшай лізе: дзеючы чэмпіён - БАТЭ - у пятніцу згуляе супраць "Славіі", а вось сталічнае "Дынама" ў суботу распачне турнір - матчам супраць гродзенскага "Нёмана". Што датычыцца баскетбола, то, увага, у суботу ў сталіцу завітае, бадай, адна з самых моцных каманд Старога Свету - ЦСКА-Масква.