Рубрыка "Матчбол"

22 февраля 2016

Сёння падводзім вынікі сезона мінскага "Дынама" ў Кантынентальнай хакейнай лізе. "Зубры" яшчэ да завяршэння рэгулярнага чэмпіянату страцілі шанц выйсці ў асноўны раунд турніру - плэй-оф. Ці ўдалося ў апошнім матчы дабіцца перамогі? Больш падрабязна ў рубрыцы "Матчбол".

Напаследак гульцы мінскага "Дынама", як кажуць у такіх выпадках, грукнулі дзвярамі - "зубры" перамаглі ў серыі булітаў удзельніка Кубка Гагарына - ніжагародскае "Тарпеда". Але сезон для мінчан, на жаль, скончаны.

Пасля завяршэння рэгулярнага чэмпіянату зноў абвастрыліся размовы наконт далейшага лёсу "Дынама". Падтрымаў іх і капітан "зуброў" Аляксей Калюжны, які заявіў, што, магчыма, матч супраць "Тарпеда" стаў апошнім для яго ў джэрсі беларускага клуба.

"Дынама" амаль да апошняга прэтэндавала на месца ў плэй-оф, але завяршае сезон на дзявятым месцы. У Кубак Гагарына, нагадаем, выходзяць восем лепшых каманд канферэнцыі. Галоўная прычына нявыхаду ў 1/8, па агульным меркаванні, - вялікая колькасць траўм.

Тым не менш, ранняе завяршэнне сезона дазваляе галоўнаму трэнеру нацыянальнай каманды Дэйву Льюісу разлічваць на беларускіх гульцоў мінскага "Дынама" ўжо зараз. Чэмпіянат свету па хакеі сёлета пройдзе ў Расіі, група з удзелам беларусаў будзе гуляць у Санкт-Пецярбургу. Першы матч 6 мая супраць Фінляндыі.

У Мінску прайшоў другі ў годзе статусны турнір па індархакеі. На гэты раз да нас у госці прыехалі лепшыя жаночыя клубныя каманды Старога Свету. Беларусь прадстаўлялі дзяўчаты з клуба "Мінск".

На жаль, беларускі не змаглі выйсці ў паўфінал дамашняга Кубка чэмпіёнаў. У вырашальным матчы мінчанкі згулялі ўнічыю з камандай "Дзюсельдорфер" - 2:2. Тым не менш, правесці такі турнір у нашай краіне таксама поспех.

Зноў у Раўбічах прайшоў этап Кубка свету па фрыстайле. Лепшыя спартсмены планеты прыехалі да нас, а беларускія атлеты ў такой зорнай кампаніі паказалі зноў сваю сілу. У мужчынскіх спаборніцтвах Максім Гусцік стаў другім, у жаночых Аляксандра Раманоўская трэцяя.

На гэтым тыдні адна з самых паспяховых каманд - жаночая зборная Беларусі па баскетболе - праводзіць апошні дамашні матч у адборы на чэмпіянат Еўропы. Сустрэча супраць Польшчы ў турнірнай сітуацыі мае важнае значэнне. Прыходзьце падтрымаць нашых дзяўчат 24 лютага ў сталічны Палац спорту!