Рубрыка "Матчбол"

11 мая 2020
8-мы тур футбольнага першынства прынёс адразу некалькі цікавых паядынкаў. Напрыклад, БАТЭ з цяжкасцю перамог "Смалявічы". А дынамаўцы Мінска толькі ў адзін мяч саступілі дынамаўцам Брэста. 

Але сёння ў рубрыцы "Матчбол" звернем увагу на паядынак "Слуцка" і "Энергетыка", таму што каманды на пачатку сезона паказваюць яскравую гульню. А пачнём агляд з зорак беларускага і сусветнага тэніса.

Вялікі тэніс пачынае ажываць на кортах палаца, бо ў таварыскім турніры, які арганізавала Беларуская тэнісная федэрацыя, прынялі ўдзел топ-тэнісісткі - Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч. Суперсупрацьстаянне ў прамым эфіры паказваў тэлеканал "Беларусь 5".

Такі паядынак быў абавязаны працягнуцца да тай-брэйка ў трэцяй вырашальнай партыі. Бо супрацьстаянне Арыны Сабаленкі і Аляксандры Сасновіч цікава тэнісным заўзятарам не толькі з Беларусі. Лідары нацыянальнай каманды, фіналісткі Кубка Федэрацыі і сталыя ўдзельніцы турніраў Вялікага шлема - увогуле галоўныя спартыўныя зоркі нашай краіны, бо папулярнасць тэніса на планеце касмічная. Менавіта турнір Belarus insurance cup, які завяршыўся ў Палацы тэніса, нагадаў, які гэты від спорту прыгожы і непрадказальны. І жаночы фінал гэтыя словы пацвердзіў.

Прадказальна, на першых пазіцыях у сваіх групах завяршылі папярэднюю стадыю Сабаленка і Сасновіч, абгуляўшы менш вопытных тэнісістак, але якія яшчэ абавязкова пра сябе заявяць у WTA. Фінал таксама праходзіў па скарочанай схеме да чатырох пераможных геймаў у партыі. І ў трэцім, як сказана вышэй, Арына і Саша выйгралі па тры геймы і давялі справу да тай-брэйка, у якім Сабаленка была мацнейшая.

Сяброўкі па зборнай падзякавалі адна другой за гульню ракеткамі і ўсміхнуліся. Як і ўсе тэлегледачы. Бо футбол у Еўропу ўжо вяртаецца - чакаем аднаўлення і тэніснага турніру.

Тым часам на працягу трох апошніх дзён праходзілі матчы 8-га тура футбольнага першынства, якое сёлета атрымліваецца непрадказальным. Адкрываў праграму тура матч нечаканых лідараў - "Слуцк" прымаў "Энергетыка-БДУ". 

"Слуцк" перад сустрэчай з «Энергетыкам" узначальваў турнірную табліцу, а студэнты выдалі моцны старт, перамогшы ў трох матчах запар, аднак затым крыху здалі.

Віталь Паўлаў, трэнер "Слуцка", сабраў выдатную каманду, якая пакусала фаварытаў чэмпіёнскай гонкі, асабліва памятная перамога над салігорскім "Шахцёрам". На 17-й хвіліне пасля фолу Казлова ўзбекскі бамбардзір "Энергетыка" Джасурбек Яхшыбоеў вызначыўся з пенальці. Неўзабаве ён паўторыць гэты трук, прычым гэтым разам сам заробіць 11-метровы. Потым гаспадары вярнуліся ў гульню, забіўшы фактычна ў раздзявальню - добрую і нечаканую атаку завяршылі случчане. Але на гэтым усё: 2:1 перамог "Энергетык". 

А напрыканцы "Матчбола" нагадаю, што ў продаж паступілі квіткі на фінальны матч Кубка Беларусі па футболе паміж брэсцкім "Дынама" і барысаўскім БАТЭ, які пройдзе 24 мая на мінскім стадыёне "Дынама".