Рубрыка “Матчбол”

26 ноября 2018

Пасля "Еўрабачання" пляцоўка "Мінск-Арэны" вяртаецца ў валоданне хакейнага "Дынама". У сераду “зубры” прымуць фінскі “Ёкерыт”. Справы ў "Дынама" зараз не самыя добрыя, таму перамога праз два дні вельмі патрэбная. Чаму – адказ у рубрыцы "Матчбол".

Пачнём з валейбола. Сталічная "Мінчанка" атрымлівае першую гістарычную перамогу ў суперлізе Расіі – напярэдадні "Ленінградка" без варыянтаў саступіла камандзе Віктара Ганчарова ў Мінску.

Вікторыя ў нашых дзяўчат атрымалася ўпэўненай, 3:0. Што вельмі прыемна, улічваючы тры паражэнні запар беларусак перад паядынкам у нядзелю.
Па выніках мінулага сезона "Мінчанка" заваявала права выступіць у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў, а таксама сталічны клуб знайшоў сродкі, каб заявіцца ў чэмпіянат Расіі. Аднак дэбютныя матчы ў двух спаборніцтвах не атрымаліся, таму вельмі важна было перамагчы ў першай хатняй гульні новага сезона.

У футбольным чэмпіянаце краіны, акрамя БАТЭ, ніхто яшчэ не гарантаваў сабе медалі першынства. У суботу сінхронна перамагае і мінскае "Дынама", і салігорскі "Шахцёр", і "Віцебск".
Піліп Іваноў адкрыў лік у гасцявым матчы з "Дняпром", у другім тайме Нікаліч і Салавей здабылі ўпэўненую перамогу, 3:0. Сяргей Гурэнка задаволены вынікам, але не якасцю газона ў Магілёве.

"Шахцёр" у Смалявічах перамог мясцовы аднайменны клуб, 2:0. "Віцебск" 1:0 мацнейшы за "Гарадзею". Такім чынам, паміж трыма прэтэндэнтамі на ўзнагароды ўсяго два балы. Апошні, 30-ы, тур стане вырашальным у чэмпіянаце.


А вось сталічнае хакейнае "Дынама" і пасля змены на пасадзе галоўнага трэнера пакуль не перамагае. Больш за тое, у апошніх трох гульнях выязной серыі КХЛ "зубры" саступілі, прапусцілі 15 шайб, а закінулі ўсяго 3. Сезон відавочна складваецца вельмі няўдала. Мінчане застаюцца перадапошняй камандай Заходняй канферэнцыі - да зоны плэй-оф 8 балаў. Наперадзе ў сераду хатні матч супраць "Ёкерыта".

На гэтым тыднi працягваем сачыць за хакейным "Дынама" ў КХЛ – у чацвер БАТЭ ў Барысаве згуляе вырашальны паядынак супраць "Відзі" ў Лізе Еўропы. У нядзелю будзем ведаць усіх прызёраў чэмпіянату Беларусі па футболе і ўбачым старт новага сезона ў біятланістаў. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.