Расію падчас чэмпіянату свету па футболе наведаюць амаль 900 тысяч замежных балельшчыкаў

6 июня 2018

Расію падчас чэмпіянату свету па футболе - 2018 наведаюць амаль 900 тысяч замежных балельшчыкаў. Аб гэтым гаворыць статыстыка продажаў білетаў на афіцыйным сайце FIFA. Найбольшая колькасць прыбудзе з Еўропы: гэта Польшча, Германія, Англія, Францыя. А таксама з краін Паўднёвай Амерыкі і ЗША. Дарэчы, дзякуючы пагадненню, падпісанаму на мінулым тыдні паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Расіі, многія балельшчыкі будуць прыязджаць на чэмпіянат праз нашу краіну. Для гэтага фанатам досыць мець пашпарт і білеты на мундыяль.

Мая Ламідзэ: выканаўчы дырэктар Асацыяцыі тураператараў Расіі: "Падпісанае пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю дало магчымасць для балельшчыкаў і іншых грамадзян перасякаць мяжу без візы, без лішніх перашкод. Гэта вельмі ўцешны факт, добрая навіна, таму што ўсе - і гарады-правядзення ЧС, і турыстычныя кампаніі - турбаваліся наконт гэтага. Таму гэта можна толькі вітаць".

Дарэчы, каб павялічыць струмень унутраных авіяпералётаў падчас чэмпіянату свету па футболе, да чартарных рэйсаў па Расіі могуць дапусціць замежных перавозчыкаў, магчыма і авіякампанію "Белавія".