Раўбічы рыхтуюцца зноў прыняць чэмпіянат свету па летнім біятлоне

20 июля 2019

Новыя дысцыпліны, новыя старты і забытыя эмоцыі. Праз 20 гадоў Раўбічы рыхтуюцца зноў прыняць чэмпіянат свету па летнім біятлоне. Ён пройдзе з 23 па 25 жніўня. Заяўкі для ўдзелу ў спартыўным форуме працягваюць паступаць - нацыянальная зборная Беларусі выступіць наймацнейшым складам! Чакаем выхаду на старт і Дзінары Алімбекавай, і Ірыны Крыўко. Ужо распрацаваная білетная праграма, квіткі паступілі ў продаж, чакае гасцей спарткомплекса забаўляльная праграма. А вось якія гонкі пройдуць у рамках спаборніцтваў, даведваўся Станіслаў Ліпскі.

Раўбічы. Рабочыя будні зборнай Беларусі па біятлоне - зараз ідзе трэці этап падрыхтоўкі да новага сезона, на спецыяльным трэнажоры - "трэдбане" - правяраюць біяэнергетычныя магчымасці атлетаў.

Рэканструкцыя 2015-га ў прынцыпе адкрыла новыя магчымасці для спарткомплекса, зараз гэта ўльтрасучасны цэнтр, на базе якога могуць праходзіць самыя маштабныя турніры: найбліжэйшы з іх - летні чэмпіянат свету па біятлоне. А ў жніўні ў Беларусь прыедуць больш як 200 спартсменаў пакуль з 19 краін, але прыём заявак яшчэ працягваецца.

Юрый Альберс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па біятлоне: "Зборная Украіны выставіць наймацнейшы склад, добрая каманда прыедзе з Расіі. Выступім і мы наймацнейшым складам".

Ірына Крыўко, алімпійская чэмпіёнка па біятлоне: "Ужо балельшчыкі пішуць: ці будзеце вы выступаць на чэмпіянаце свету, ці будзеце ўдзельнічаць? Я адказваю: а як жа, гэта ж дома".

Акрамя нацыянальнай каманды, сёння ў спарткомплексе на зборах і хакеісты "Юнацтва", і юнацкая зборная Украіны па біятлоне, а таксама шэраг каманд з Расіі. І для трэніровак, і для адпачынку ў Раўбічах шыкоўныя ўмовы.

Раўбічы прымалі тройчы чэмпіянат свету па класічным біятлоне: у 1974,1982 і 1990, у 1999 годзе спарткомплекс прымаў першынство планеты па летнім біятлоне, але тады спартсмены спаборнічалі ў бегу і стральбе. Зараз жа чэмпіянат свету пройдзе на лыжаролерах, што адназначна дадасць відовішчнасці.

Новаўвядзенне дзейнічае з летняга планетарнага форуму 2010-га, які прымаў польскі горад Душнік-Здруй. Менавіта тады ўбралі кросавыя гонкі.

Арганізацыя летняга чэмпіянату разам з чэмпіянатам Еўропы па біятлоне і Кубкам IBU была абавязковай умовай атрымання права на правядзенне этапа Кубка свету ў 2022 годзе. Дарэчы, тэхнічныя дэлегаты IBU у чэрвені наведалі спарткомплекс, адзначыўшы высокую ступень гатовасці Раўбіч да правядзення стартаў. Адзначым, білеты ўжо паступілі ў продаж.

Гонкі чэмпіянату свету па летнім біятлоне пройдуць з 23 па 25 жніўня.