Пяты дзень Гульняў у Пхёнчхане. Няпростая гонка, а таксама погляд на алімпійскі біятлон знутры

12 февраля 2018

Пачнём з алімпійскіх тэм. Ідзе пяты дзень Гульняў у Пхёнчхане. Нашы галоўныя надзеі сёння былі звязаныя з біятлонам - жаночай гонкай праследавання. Заставалася пытанне - ці не перанясуць старт? На тэрмометры амаль 20 градусаў марозу, плюс да ўсяго моцны вецер. І ўсё ж арганізатары прымаюць рашэнне праводзіць, як запланавана. Як вынік - у лідара нашай зборнай Дар'і Домрачавай 6 промахаў. Лепшы вынік у камандзе паказала змёрзлая Надзея Скардзіна. Аднак усе беларускі апынуліся за мяжой топ-10. Як склалася гэтая няпростая гонка для беларусаў, а таксама погляд на алімпійскі біятлон знутры - у сюжэце Вольгі Макей.

Мужчынская біятлонная гонка, што прайшла напярэдадні, упэўненасці перад стартам дзяўчат не дадавала. Метэаралагічная рулетка, якую ўсё мацней раскручваў вецер, адкінула назад прызнаных лідараў, прапусціўшы на подыум тых, хто ледзь ці мог прэтэндаваць на топ-10, а то і 20. Зрэшты, такі расклад толькі падаграваў цікавасць балельшчыкаў і журналістаў.

Каб заняць месца ў мікст-зоне, - а гэта адзіная пляцоўка, дзе можна атрымаць эксклюзіўны каментарый спартсменаў - наша здымачная група адправілася на стадыён "Альпензіі" за 4 гадзіны да старту пасьюта. Моцны вецер: дзьме так, што ў прэс-цэнтры трасуцца сцены і дах, знадворку з-за парываў тэмпература апускаецца да мінус 19. Закралася думка, а ці не адменяць гонку, як гэта ўжо два дні запар адбываецца з гарналыжнікамі. Але вось на прыстрэлку з'яўляюцца біятланісткі.

Зараз мы адправімся ў біятлоннае закуліссе. Доступ туды адкрыты толькі афіцыйным бродкастарам. Каб туды трапіць, трэба надзець вось такую спецыяльную манішку.

Зараз мы прама пад трасай. Тут спецыялісты перад прыстрэлкай правяраюць вінтоўкі біятланістаў. Правяраюць спускавы механізм, ці адпавядаюць рэкламныя наклейкі пэўным параметрам і г. д. Пасля лепяць спецыяльны стыкер, які азначае, што рыштунак дапушчаны.

І вось мы на трэнерскай біржы, зараз паглядзім, як ідзе прыстрэлка перад стартам. Трэнер жаночай зборнай раіць, якія папраўкі рабіць, улічваючы сілу ветру.

Сцяжкі не проста ў гарызантальным становішчы, часам іх ледзь не зрывае. Так гэта было і пазаўчора ў жаночай спрынтарскай гонцы. Надзея Скардзіна прызнаецца, суботні старт выбіў яе з каляіны менавіта колькасцю промахаў, таму сёння з трэнерамі дэталёва карэктавалі стральбу. Дарэчы, алімпійскія сіноптыкі абяцаюць, што вецер сціхне да чацвярга.

60 лепшых біятланістак выходзяць на старт пасьюта ў адпаведнасці з вынікамі спрынту. Дар'я Домрачава пад нумарам 9. Ад лідара - немкі Лаўры Дальмаер - за 46 секунд. Ужо на першым крузе Домрачава адыгрывае нагамі 11 секунд. На першай лежні страляе дакладна ў адрозненне ад трох наступных меж. Далей трапляе ў моцныя парывы. Бачна, як Дар'я падоўгу чакае, пакуль сціхне вецер. Па выніку гонкі яна нават зойме апошняе месца па хуткастрэльнасці. Але такая рызыка не апраўдалася, трохразовая алімпійская чэмпіёнка завяршыла пасьют з 6 промахамі на 37 пазіцыі.

Лепшы вынік - у Надзеі Скардзіны. За час гонкі ёй атрымалася адыграць 22 пазіцыі! З адным промахам на трэцяй стральбе фінішавала 14-й. Пазней яна прызнаецца журналістам, што вецер на лежні яе пашкадаваў, тым не менш па ходзе трасы нават змерзла. Але памылку не спісвае на надвор'е.

Другая Надзея - Пісарава - дапусціла тры промахі і заняла 44-е месца. А вось у дваццатку з трыма незакрытымі мішэнямі патрапіла Ірына Крыўко. Яшчэ падчас спрынту яна распавядала пра складанасці трасы, на некаторых участках літаральна здзімала палкі. Сёння таксама не абышлося без прыгод.

Пісала гісторыю алімпійскага біятлона сёння немка Дальмаер. Выйграць на адных Гульнях золата і ў спрынце, і ў пасьюце да гэтага не атрымлівалася нікому. Цікавая барацьба была за другое і трэцяе месцы п'едэстала: з розніцай на 0,2 секунды серабро ў Анастасіі Кузьміной, бронза - у Анаіс Бесконд. Дарэчы, на нуль сёння не адстралялася ні адна біятланістка.

Вядома, ад беларускай каманды чакаюць медалёў і балельшчыкі: на стадыёне здымачную групу, якая лёгка пазнаецца па яркай форме, даганяе амерыканец Карл Дэбмен. Барэц у мінулым, ён не раз бываў у Мінску, на біятлон прыехаў хварэць за нашу каманду!

Тым часам на стадыёне з'яўляюцца ўдзельнікі мужчынскай гонкі праследавання. Як пазней прызнаюцца біятланісты, умовы надвор’я ім дасталіся лепшыя, чым дзяўчынам. Пры гэтым таксама ні адзін не прайшоў 12,5 кіламетра без промахаў. Рэабілітаваўся за суботні спрынт Мартэн Фуркад. Серабро не абышлося без сенсацый - дасталася 20-гадоваму шведу Самуэльсану, у якога раней лепшымі вынікамі ў кар'еры былі 23-е месца на этапе Кубка свету і 14-е ў алімпійскім спрынце. Бронза ў немца Бенедыкта Доля. Беларускія біятланісты Антон Смольскі, Уладзімір Чапелін і Сяргей Бачарнікаў апынуліся далёкія ад п'едэстала і ўвайшлі ў топ-40.

Поспеху беларускім біятланістам сёння пажадаў і прэзідэнт Латвіі. Раймандс Веяніс наведаў офіс латвійскай тэлекампаніі ў міжнародным вяшчальным цэнтры. Нашы геаграфічныя суседзі па іроніі лёсу апынуліся і суседзямі па медыяштабе.

Нямала ў гэтыя дні і каляалімпійскіх навін. Арганізатары непакояцца з-за распаўсюджвання норавіруса. Рэкамендуюць піць толькі бутыляваную ваду і часцей мыць рукі. За сёння выяўлена 17 новых выпадкаў, усяго ад хваробы пацярпелі, паводле розных звестак, ад 200 да 1200 чалавек.