Пятыя спаборніцтвы па скалалажанню "Бэбі-фэст"

20 декабря 2016

Яны не баяцца вышыні і ведаюць, як працаваць з уласнай вагой цела. Пятыя спаборніцтвы па скалалажанню «Бэбі-фэст» аб'ядналі каля 2 сотняў юных аматараў пераадольвання штучных перашкод на вышыні. Аб тых, каго можна нават у чатыры гады браць з сабой у горы і палажыцца, як на сябе самога, рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Заходзіш у гэтую залу - і не адразу разумееш, куды трапіў. Гул дзіцячых і дарослых галасоў, якія падтрымліваюць скалалазаў, стаіць такі, быццам знаходзішся ў вуллі.

Сяргей Запарожчанка на спаборніцтвах перажывае адразу за двух дзяцей. Пакуль малодшы сын пераадольвае чарговы адрэзак трасы, старэйшая -11-гадовая дачка судзіць спаборніцтвы і сама мадэлюе  штучныя перашкоды на вышыні. Дзяўчына прызнаецца: галоўнае ў гэтай справе - заставацца непрадузятым.

Усяго ж у спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 200 юных скалалазаў трох узроставых груп. Самаму малодшаму ўдзельніку ледзь споўнілася 4 гады, старэйшаму -10. Нягледзячы на узрост, падыход сур'ёзны. Пераможныя воклікі адных і слёзы адчаю іншых.

Самая нестандартная траса для самых маленькіх удзельнікаў у выглядзе сапраўднай паласы перашкод. Юныя скалалазы павінны пераадолець вось такую лесвіцу, пасля чаго уніз галавой павіснуць на кольцах і дзвюма рукамі дакрануцца да сіняга квадрата. І толькі пасля гэтага траса лічыцца пройдзенай.

Зрэшты, не ўсе удзельнікі змаглі справіцца з выпрабаваннямі на вышыні. Аднак кожны атрымаў заахвочвальныя падарункі. Паводле слоў арганізатараў, усё ж такі галоўная мэта  спаборніцтваў дасягнута - дзеці ведаюць, як правільна і бяспечна пераадольваць не толькі штучныя перашкоды, але і сябе.