Майстар-клас ад зоркi сусветнага тэнiсу

21 сентября 2015

Абгуляць адну з лепшых тэнісістак свету на вачах у маці або таты пад адабрэнне трэнера. Або проста атрымаць аўтограф і нават задаць пытанне той, хто з'яўляецца кумірам. Для сотні юных тэнісістаў сёння гэта стала рэальнасцю. У Палац тэніса Вікторыя Азаранка прыехала не адна, а са сваім спарынг-партнёрам Сашам Бажыным. Аб'яднаўшыся ў мікст, яны правялі сапраўдны майстар-клас, вучнямі якога, дарэчы, сталі не толькі дзеці. Усе падрабязнасці ў Алены Гарэльчык.

На корт яна выйшла, як заўсёды ў падобных сустрэчах, з усмешкай і добрым настроем. Але ўпершыню па той бок сеткі Вікторыя ўбачыла нават не дзяцей. Пачатак майстар-класа яна правяла, падаючы і адбіваючы ўдары тэнісістаў-калясачнікаў, якія рыхтуюцца да Паралімпійскіх гульняў.

У чаканні Сашы Бажына, свайго спарынг-партнёра, Вікторыя, каб не губляць часу, запрасіла на корт тэнісіста малодшага. Мікст атрымаўся.

А пасля Вікторыі прыйшлося трымаць удар адразу ад сотні юных тэнісістаў. Разбіўшыся па парах, яны прымушалі насіцца экс-першую ракетку свету і яе спарынг-партнёра па ўсім корце. Вікторыя змагалася ў кожным розыгрышы, дастаючы мяч нават з глыбокага аўту. У цяжкіх сітуацыях на дапамогу прыходзіў Саша Бажын.

Зразумела, за гадзіну - паўтары бэкхенд не паставіш, тэхнічна падаваць не навучышся. Але, што значна больш важна, такія сустрэчы матывуюць маленькіх тэнісістаў.