Першая ракетка планеты, Мінскі паўмарафон, Алімпійскі дзень, мотасезон - спартыўныя падзеі ў рубрыцы "Матчбол"

11 сентября 2023

Мінчанка Арына Сабаленка 11 верасня афіцыйна і ўпершыню стала першай ракеткай планеты. Лепшай тэнісісткай свету беларуска стала, дзякуючы выдатнаму выступленню на Адкрытым чэмпіянаце ЗША, дзе Арына саступіла толькі ў фінале. Спартыўную тэму працягне рубрыка "Матчбол".

Алімпійскі дзень. На мінулым тыдні адбылася галоўная спартыўная падзея сталіцы і нават усей краіны - у суботу пляцоўка каля Палаца спорту прыемна здзівіла прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.

Больш за 50 лакацый з амаль усімі відамі спорту, якія развіваюцца ў нашай краіне, падрыхтавалі арганізатары свята, каб усе ахвочыя дакрануліся да кожнай дысцыпліны і, магчыма, сталі яшчэ бліжэй да спорту. А вось дзеці да 14 гадоў увогуле за свае намаганні па выніках алімпійскага квэсту атрымлівалі прыз - навушнікі. Другі год запар Алімпійскі дзень сумясцілі з фінішам мотасезона ў Беларусі. Такі тандэм, безумоўна, прыемна здзівіў гараджан і гасцей сталіцы - ён абяцае стаць традыцыйным.  

Святкаванне дня горада працягнулася ў нядзелю не менш знакавай падзеяй - Мінскім паўмарафонам, у якім прынялі ўдзел больш за 15 тыс. аматараў бегу. Сёлета фінішавалі атлеты на галоўнай спартыўнай арэне краіны - алімпійскім стадыёне "Дынама".

Паралельна новы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе - іспанец Карлас Алас Ферэр - дэбютаваў на сваёй новай пасадзе ў афіцыйнай гульні. У кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2024 года беларусы у гасцях сустракаліся з камандай Андоры і, на жаль, не здолелі перайграць апанентаў. Вынік матча - 0:0. Наступны паядынак наша дружына правядзе 12 верасня супраць зборнай Ізраіля таксама ў гасцях.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за сталічным "Дынама" ў КХЛ і гульнямі айчыннай Экстралігі, паралельна цікавімся футболам і гандболам - вас чакае старт новага сезона СЕХА-Лігі. Паглядзець усе можна будзе ў прамым эфіры на тэлеканалах Белтэлерадыекампаніі.