Ад лейтэнанта да генерала

25 апреля 2015

Ад лейтэнанта да генерала - усе змянілі ваенную форму на спартыўную. Афіцэрам Узброеных Сіл трэба будзе пацвердзіць, наколькі яны фізічна падрыхтаваныя. А значыць, могуць адказваць за бяспеку. Сёння першыя нарматывы. Камандзіры прызнаюцца, патуранняў не будзе. У тых, хто не дацягне да патрэбнай адзнакі, будзе час пераздаць. Такая маштабная планавая праверка - упершыню. З ініцыятывай пракантраляваць падрыхтоўку афіцэраў у лютым выступіў Прэзідэнт.

Станіслаў Зась, намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі:

"Вядома, калі ў нашых афіцэраў будзе фізічная падрыхтоўка на такім жа ўзроўні, як у галоўнакамандуючага, то гэта будзе вельмі добра. Здаровы лад жыцця, які дэманструе наш Прэзідэнт, вядома, гэта знаходзіць павагу ў афіцэраў і можа быць прадметам пераймання".

Руслан Касыгін, начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра кіравання Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі:

"Нарматывы насамрэч нескладаныя. Асноўная маса, якая будзе выконваць гэтыя нарматывы, выканае іх на добра і выдатна. Таму тут самае галоўнае не сам нарматыў - удзел. Мы здольныя яшчэ на многае. Здароўя ў нас яшчэ шмат, мы шмат карысці можам прынесці для дзяржавы і сваіх сем'яў".

У найбліжэйшыя дні праверка прадоўжыцца. Спартзалы афіцэры зменяць на палігоны. Вайскоўцам трэба будзе прадэманстраваць навыкі стральбы, у тым ліку і з баявой тэхнікі, а таксама пацвердзіць майстэрства ваджэння.