Адзін дзень да Гульняў у Бразіліі

4 августа 2016

Легендарны бразільскі футбаліст Пеле можа адмовіцца ад запальвання алімпійскага агню падчас цырымоніі адкрыцця Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра. Прычынай таму сталі абавязацельствы перад спонсарамі. Усяго дзень застаецца да старту Алімпіяды. Частка нашай зборнай ужо ў Бразіліі. У спартсменаў ёсць час для акліматызацыі. У Бразіліі працуе і творчая група Белтэлерадыёкампаніі.

Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Напярэдадні на прэс-канферэнцыі, дзе ўдзельнічалі лідары сусветнага настольнага тэніса, Уладзімір Самсонаў атрымаў сваю порцыю пытанняў. Хаця кітайцы, вядома, былі ў большасці. У тым ліку і сярод журналістаў.

Самсонаў упершыню згуляў на Алімпіядзе 20 гадоў таму ў Атланце. Гульні ў Рыа стануць для беларускай легенды настольнага тэніса шостымі. Пакуль медаля няма, але шанц застаецца. У 40 гадоў ён па-ранейшаму ў першай дзясятцы сусветнага рэйтынгу, дзякуючы чаму ў Бразіліі пачне барацьбу толькі з трэцяга раўнда.

У алімпійскай вёсцы ўжо прайшла цырымонія ўзняцця беларускага флага. Нібы пацвярджэнне: мы ў Рыа!

Адной з першых у барацьбу ўступіць і наша легенда Кацярына Карстэн. Яна была ўдзельніцай Гульняў яшчэ ў 1992-м у Барселоне. У нашага сцяганосца, веласіпедыста Васіля Кірыенкі, гонка адбудзецца ўжо на наступны дзень пасля цырымоніі адкрыцця. Спартсмены не скардзяцца на ўмовы ў алімпійскай вёсцы, таму што спорт навучыў быць моцнымі. Ды і арганізатары стараюцца.

У алімпійскую вёску актыўна засяляюцца ўдзельнікі Гульняў. Шмат людзей і ля медыяцэнтра. Асноўная частка творчай групы Белтэлерадыёкампаніі ўжо прыбыла ў Бразілію, а заўтра глядзіце першы дзённік.