"Нёман" сяміразовы чэмпіён Беларусі па хакеі. Камандзе ўручылі Кубак Прэзідэнта

7 апреля 2018

Інтрыга ўсяго хакейнага сезона вырашаная! "Нёман" - пераможца Кубка Прэзідэнта! У фінальнай серыі гродзенскі клуб адолеў мінскае "Юнацтва".

Для таго, каб аформіць чэмпіёнства, спатрэбілася 6 матчаў. Напярэдадні ўсё вырашылася на "Чыжоўка-Арэне". Гаспадары лёду двойчы выходзілі наперад. Але абодва разы госці адыграваліся і ў выніку павялі напрыканцы другога перыяду і ўтрымалі перавагу. Фінальныя лічбы на табло - 3:2. Пераможную шайбу закінуў Эдуард Грынь. Такім чынам, лік у серыі - 4:2. "Нёман" выйграў Кубак другі год запар і 7 разоў у гісторыі. З упэўненай і прыгожай перамогай клуб з Гродна павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Гэта дасягненне - вынік сур'ёзнай працы не толькі спартсменаў, але і ўсіх спецыялістаў і трэнераў, якія забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага выступлення каманды. Вы даказалі, што ў радах "Нёмана" сабраліся сапраўдныя майстры, здольныя на працягу ўсяго сезона захоўваць выдатную спартыўную форму, байцоўскія якасці і нацэленасць на вынік", - гаворыцца ў віншаванні. Па колькасці трафеяў зараз каманда Сяргея Пушкова зраўнялася з "Юнацтвам".

Акрамя тытула "Нёман" заваяваў права выступаць у хакейнай Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне. Характэрна, што ўпершыню ў гісторыі на прэстыжным еўрапейскім турніры выступяць адразу два клубы з Беларусі: "Нёман" як пераможца чэмпіянату і мінскае "Юнацтва" як дзеючы ўладальнік Кантынентальнага кубка.