Мінскае "Дынама" згуляе супраць зборнай клубаў Экстралігі

26 февраля 2019

Унікальны матч для беларускага хакея! Такога не было даўно! Літаральна праз паўгадзіны мінскае "Дынама" згуляе на хатнім лёдзе супраць зборнай клубаў Экстралігі. Яе прадставяць хакеісты сталічнага "Юнацтва", гродзенскага "Нёмана" і салігорскага "Шахцёра" - тройка лідараў чэмпіянату краіны. 

На прамую сувязь з "Мінск-Арэны" выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш.

Здавалася б, з хакеем на "Мінск-Арэне" ўжо развіталіся як балельшчыкі, арганізатары, так і журналісты. Але сезон для ўсіх працягваецца. Што датычыцца трыбун, то яны пакуль не запоўненыя. Вопыт гаворыць, што гледачы займаюць свае месцы дзесьці за 5-10 хвілін да пачатку матча.

Аднак цікавасць у фанатаў, вядома, ёсць. Гэтаму спрыяе і бясплатны ўваход, і ўнікальнасць паядынку. Справа ў тым, што мінскае "Дынама" апошні раз гуляла супраць зборнай клубаў Экстралігі ў жніўні 2014 года ў Кубку Руслана Салея. Тады мінчане, дарэчы, перамаглі. 

З "Юнацтвам" "зубры" перасякаліся тройчы. Тройчы ўступілі. Апошні раз на Кубку Мінска ў ліпені 2017 года. Раблю акцэнт на "Юнацтва", бо менавіта "сталічныя мядзведзі" складаюць аснову зборнай клубаў Экстралігі.

Мяркуйце самі: 23 гульцы ў заяўцы. Двое з салігорскага "Шахцёра", шасцёра з гродзенскага "Нёмана". Трэнерскі штаб прадставяць коўчы "Юнацтва" на чале з Міхаілам Захаравым. Нам удалося пабываць на раскатцы каманды. Хакеісты да матча гатовыя.

У мінскага "Дынама" ўсё не так вясёлкава. "Зубры" ў мінулую пятніцу матчам з "Ёкерытам" завяршылі 11-ты рэгулярны сезон КХЛ. "Бела-сінія" ў зводнай табліцы чэмпіянату размясціліся на перадапошнім месцы. "Мінчане" маглі б быць вышэй, калі б не шэраг траўм. Ростэр "Дынама" па стане на панядзелак налічваў 13 хакеістаў, двое з якіх - варатары. У лазарэце лічыцца адразу 14 гульцоў. Адзначым, паядынак "Дынама" і зборнай клубаў Экстралігі рассудзіць маскоўская брыгада арбітраў КХЛ. На афіцыйным сайце Беларускай федэрацыі хакея адзначаецца, што "спартыўны вынік гэтых паядынкаў будзе мець высокае значэнне".

Супрацьстаянне мінскага "Дынама" і зборнай клубаў Экстралігі прадоўжыцца да дзвюх перамог адной з каманд. У чацвер серыя пераедзе на "Чыжоўка-Арэну". Прамая трансляцыя гульні на тэлеканале "Беларусь 5".