Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі абгуляла зборную Мінскай вобласці

17 декабря 2016

Праверка боем. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі напярэдадні старту Каляднага турніру абгуляла  зборную Мінскай вобласці. Матч прайшоў на малой арэне ў Чыжоўцы і стаў адным з паядынкаў 10-га Рэспубліканскага турніру па хакеі сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

У саперніках лядовай дружыны Кіраўніка дзяржавы сёння аказаліся бронзавыя прызёры леташніх спаборніцтваў. Паядынак  з далёка не слабым сапернікам - гэта выдатная магчымасць праверыць свае сілы  і выявіць, калі такія ёсць, слабыя бакі перад традыцыйным калядным стартам. Матч атрымаўся багатым на галявыя падзеі, за тры перыяды балельшчыкі ўбачылі 12 закінутых шайб, прычым большасць з іх прыпала на заключную 20-хвілінку. Двойчы галкіпера саперніка засмучалі Канстанцін Кальцоў і Андрэй Асташэвіч, а таксама нападаючы Мінскай вобласці Андрэй Рашчынскі. Аляксандр Лукашэнка стаў аўтарам адной закінутай шайбы і адной галявой перадачы. У цэлым каманда Прэзідэнта атрымала перамогу з лікам 7:5.

У яшчэ адным матчы дня гродзенскія і гомельскія хакеісты  разышліся мірам, 2:2. Дзякуючы сённяшняй перамозе каманда Прэзідэнта Беларусі выходзіць у лідары спаборніцтваў. Свой наступны і заключны перад Калядным турнірам паядынак гэта дружына правядзе 25 снежня супраць аматарскай зборнай Брэсцкай вобласці.