II Гульні краін СНД: Салігорск стане пляцоўкай для спаборніцтваў па трох відах барацьбы

20 июля 2023

Да старту галоўнага мультыспартыўнага форуму краін СНД застаецца крыху больш за два тыдні. Пакуль балельшчыкі ў прадчуванні яркіх эмоцый ад гульняў і сустрэчы з упадабанымі атлетамі, арганізатары рыхтуюць арэны для відовішчных баталій. Клапоцяцца аб камфорце як спартсменаў, так і гасцей, складаюць каларытную забаўную і турыстычную праграму. 

Салігорск стане пляцоўкай для спаборніцтваў па трох відах барацьбы. Сучасны тэнісны манеж "Шахцёр" пераабсталююць у арэны для барцоў. Пакрыццём зоймуцца бліжэй да канца ліпеня. Сам турнір будуць трансляваць і на гіганцкім экране ў фан-зоне. Згодна з планам, гарадок гасціннасці размесціцца побач з манежам.

Традыцыйныя рамёствы і багатую культурную спадчыну салігорскай зямлі будуць прэзентаваць народныя ўмельцы. Яны рыхтуюць новыя калекцыі каларытных паясоў, гліняных і саламяных сувеніраў, а яшчэ серыю майстар-класаў і экскурсій. Для зручнасці спартсменаў і гасцей горада ў Салігорску з'явіцца турыстычны інфармацыйны цэнтр.