Галявая перадача

21 апреля 2014

Каманда, якая змагла за адзін год выйграць Алімпіяду і чэмпіянат свету. Шведская дружына, вядомая ва ўсім свеце пад назвай Трэ крунур. У Сочы ім удалося дайсці да фіналу хакейнага турніру і выйграць сярэбраныя медалі. У новай серыі праекта Агенцтва тэленавін гісторыя адной з самых тытулаваных еўрапейскіх зборных.


Расказвае Андрэй Іваноў. Пасляматчавыя буліты ў фінале хакейнага турніру Алімпіяды ў Лілехамеры. Асноўны час завяршыўся ўнічыю, 2:2.


Да шайбы падыходзіць 20-гадовы Петэр Форсберг і эфектна перагульвае галкіпера канадцаў.


Амаль праз 20 гадоў ён, ужо завяршыўшы кар'еру, выступіў у іншым вобразе - пасла дамашняга чэмпіянату свету, які прымала Швецыя ў 2013 годзе.


Петэр Форсберг, двухразовы алімпійскі чэмпіён па хакеі: Вы ведаеце, што самае галоўнае? Ніколі нічога не баяцца. Я атрымаў вялізную колькасць траўм за час сваёй кар'еры. Але калі б мне прапанавалі пражыць іншае жыцце, я б ніколі не згадзіўся?


Зборная Швецыі - адна з нямногіх каманд, якая за адзін год выйгравала Алімпіяду і чэмпіянат свету. Шчаслівым для шведаў стаў 2006-ы, калі яны сталі першымі спачатку ў Турыне, а затым і ў Рызе.


Галкіпер зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрый Мільчакоў да Швецыі дачыненне мае самае непасрэднае. Туды ён пераехаў у дзяцінстве разам з бацькамі. Менавіта ў Скандынавіі, у клубе MODO, ён спасцігаў асновы гульні.


Дзмітрый Мільчакоў, галкіпер зборнай Беларусі па хакеі: Наконт развіцця хакея ў любой краіне можна меркаваць па яе чэмпіянаце. Пакуль у элітнай шведскай лізе 12 каманд, з сезона 2015-2016 яна разрасцецца на два клубы.


Андрэас Энгквіст, форвард зборнай Швецыі па хакеі: У нас, напэўна, у кожным горадзе ёсць уласная каманда. А ў клубах элітнай серыі працуюць хакейныя школы з дванаццаццю ўзроставымі групамі - ад 6 да 20 гадоў. Стаўка на дзяцей - гэта галоўнае. Але, як мне здаецца, хакей у Швецыі апошнімі гадамі саступае па папулярнасці футболу. Гэта ўсё Ібрагімавіч вінаваты.


Нягледзячы на гэта, шведы выйгралі леташні чэмпіянат свету і сталі першай камандай, пачынаючы з 1986 года, якая перамагла на ўласнай пляцоўцы. 5:1 - у фінале пераможаная Швейцарыя.


У лютым з Трэ крунур прыйшла скандальная навіна. Адзін з лідараў каманды, аднаклубнік Міхаіла Грабоўскага па Вашынгтоне, Ніклас Бэкстрэм быў абвінавачаны ва ўжыванні забароненых прэпаратаў. З-за станоўчага допінг-тэста хакеіст не змог прыняць удзел у фінале сочынскай Алімпіяды з канадцамі, які шведы прайгралі з лікам 0:3. Зрэшты, МАК вырашыў не дыскваліфікаваць шведа, маўляў, ён пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам.


Ёсць верагоднасць, што Бэкстрэм прыедзе ў Мінск, каб на гэты раз дайсці да фіналу і згуляць у ім.