Фінальны этап "Снежнага снайпера". Прамое ўключэнне са спаборніцтваў па біятлоне ў Раўбічах

4 марта 2018

У Раўбічах сёння працягваецца фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне "Снежны снайпер". Напярэдадні разыграна шэсць камплектаў узнагарод.

Якія навіны сёння, даведаемся ў Паўла Капуцкага (прамое ўключэнне).

Калі ўчора хлопчыкі і дзяўчынкі ўсіх трох узроставых груп беглі спрынты, то сёння ў праграме "Снежнага снайпера" змяшаныя эстафеты - відовішчны від біятлоннай праграмы. Малодшыя ўдзельнікі стартавалі ў 10:30 і ўжо фінішавалі.

Некалькі хвілін таму стартавалі спартсмены сярэдняй узроставай групы. А палове на другую пачнуць старэйшыя таварышы. Умовы ў Раўбічах максімальна набліжаныя да спаборніцтваў вялікіх спартсменаў. Па-першае, узроўнем арганізацыі, па-другое, надвор'ем. З такімі ўмовамі могуць спраўляцца толькі сапраўдныя чэмпіёны.

А яшчэ тут добра балельшчыкам. Паміж гонкамі яны могуць удзельнічаць у конкурсах: скаціцца на цюбінгу, напрыклад. Нарэшце, ёсць магчымасць сагрэцца і перакусіць. Пра ўсе вынікі "Снежнага снайпера" мы раскажам у 15 гадзін.