Да матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы Еўропа - ЗША застаецца 9 дзён

30 августа 2019

Усё бліжэй галоўная лёгкаатлетычная падзея восені - матчавая сустрэча Еўропа - ЗША. Ужо абнародаваны заяўкі абедзвюх каманд, і ў іх сапраўды засяроджаны зоркі першай велічыні, чэмпіёны свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў. Гэтымі днямі прадстаўнікі Беларусі маюць прывілеяванае права прывыкнуць да дарожак і сектараў стадыёна "Дынама". Сёння там пачаўся чэмпіянат краіны. Для службаў  суправаджэння матчавай сустрэчы  гэта генеральная рэпетыцыя. Дарэчы, Белтэлерадыёкампанія пакажа спаборніцтвы для ўсяго свету сваімі сіламі. 

Крысціна Камыш  бачыла, як праходзіць апошняя падрыхтоўка да лёгкаатлетычнага матча.

У кожным відзе праграмы на матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША выступяць восем спартсменаў. 
Анастасія Мірончык-Іванова на чэмпіянаце краіны ў сектары скачкоў у даўжыню паказвае вынік  6 метраў 66 сантыметраў. Спартсменка амаль паўтарыла ўласны рэкорд сезона. А гэта значыць, што да матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША беларуска гатова.
Першапачаткова дзесяць месцаў было гарантавана Беларусі ў камандзе Еўропы. Але сёння стала вядома, што на матчавай сустрэчы нашых будзе  адзінаццаць. Дадалася ў заяўку Крысціна Ціманоўская. 
У кожным відзе праграмы на матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША выступяць восем спартсменаў. Па чатыры ад кожнай каманды. Усяго ў 37 дысцыплінах пазмагаюцца 304 атлеты.

Паглядзець будзе на каго. За Еўропу пазмагаюцца алімпійскія чэмпіёнкі – кідальніца дыска Сандра Перкавіч і скакуха з шастом Кацярыні Стэфанідзі з Грэцыі. У заяўцы краін Старога кантынента і двухразовая чэмпіёнка свету па скачках у вышыню Марыя Ласіцкенэ. 

"Зорна-паласатыя" таксама падрыхтавалі цяжкую артылерыю. На "Дынама" можна будзе ўбачыць шасціразовую алімпійскую чэмпіёнку Элісан Фелікс, чэмпіёнку Рыа ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі Брыяну Макніл, чатырохразовую чэмпіёнку планеты ў скачках у даўжыню Брытні Рыз.

Наогул у гісторыі  такія падзеі ўжо былі. Першая матчавая сустрэча ЗША - СССР адбылася ў 1958 годзе. А адзінаццатая прайшла ў Мінску ў далёкім 1973-м. Дарэчы, тады каманда СССР перамагла амерыканцаў. 

Для арганізатараў цяперашні чэмпіянат Беларусі - яшчэ адна магчымасць праверыць свае сілы.

Бо да Мінска і стадыёна "Дынама" будзе прыкавана ўвага ўсяго свету. 

Трансляцыя спаборніцтваў будзе на ўзроўні алімпійскім. Задзейнічаюць 3 ПТС і 5 рэжысёрскіх брыгад, каб ні адзін цікавы кадр не ўпусціць. Дапамогуць і замежныя спецыялісты. Так, генеральным прадзюсарам сустрэчы стане Франчэска Скот. Яна ў свой час працавала на трансляцыі вяселля Кейт Мідлтан і прынца Уільяма.

Цікава, што амаль усе атлеты, задзейнічаныя на дарожках і ў сектарах, атрымаюць узнагароду.

У індывідуальных дысцыплінах пераможцы заробяць 7 тысяч еўра. Спартсмены, якія занялі  сёмае  і восьмае месца,  - па 500 еўра. 

І ўжо можна пачынаць весці зваротны адлік. Матчавая сустрэча пройдзе 9 і 10 верасня. У свеце гэта будзе апошні буйны лёгкаатлетычны старт перад чэмпіянатам планеты. Білеты даўным-даўно паступілі ў продаж. Кошт квіткоў ад 12 да 25 рублёў.