Дар'я Домрачава выйграла золата ў спрынце ў Хохфільцэне

9 декабря 2017

Гучная перамога нашай Дар'і Домрачавай. Напярэдадні яна выйграла золата ў біятлонным спрынце ў Хохфільцэне. Такім чынам, старт другога этапа Кубка свету па біятлоне прынёс беларускай зборнай другі залаты медаль. У першыя хвіліны па заканчэнні гонкі з перамогай Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"На працягу сваёй кар'еры ты дэманструеш якасці выдатнага спартсмена, якія сёння прынеслі табе заслужаную перамогу на трасе Хохфільцэна, якая ўжо стала для цябе шчаслівай. Мы верым у цябе і з вялікай надзеяй чакаем ад жаночай зборнай яркага і дзейснага сезона", - гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка таксама пажадаў Дар'і Домрачавай, усёй камандзе, трэнерскаму штабу ўпэўненасці ў сваіх сілах, моцнага здароўя і поспехаў. Гэта першая перамога Дашы ў цяперашнім сезоне. Першая з сакавіка 2015-га і 29-я - у кар'еры. Можна з упэўненасцю гаварыць, трохразовая алімпійская чэмпіёнка вярнулася на свой лепшы спартыўны ўзровень.

Расказвае Павел Капуцкі: Вось такі ён, аўстрыйскі Хохфільцэн. Уражлівы і гасцінны для беларусаў. Менавіта тут, у лютым гэтага года Дар'я Домрачава феерычна вярнулася пасля родаў: выйграла серабро гонкі праследавання на чэмпіянаце свету. Але рэжысёрская брыгада трансляцыі чамусьці аб гэтым забылася: не паказалі ні старт, ні першую стральбу трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі. У найскладанейшых умовах надвор’я Домрачава без промахаў прайшла першую мяжу і да другога прыехала ў статусе прэтэндэнта на подыум.

Дар'я справілася цудоўна. Калі яна закрывае ўсе мішэні - змагацца амаль немагчыма. На шляху да фінішу Домрачаву вядуць, нібыта кампенсуючы тое, што не паказалі ў першай частцы гонкі. Яна перасякае запаветную лінію. Яна стамілася, але непераможаная.

Крыху пазней, на цырымоніі ўзнагароджання, эмоцый ужо больш. 29-я перамога ў кар'еры 31-гадовай спартсменкі. Радуецца, як звычайна, трохі па-дзіцячаму.

Побач на п'едэстале Анастасія Кузьміна, якая прадстаўляе Славакію, і італьянка Даратэя Вірэр. Іх беларуска абагнала на 22 і 30 секунд адпаведна. Астатнія - яшчэ далей. Значыць, шанцы на перамогу ў гонцы праследавання выдатныя.