Чатыры медалі заваявалі беларусы ў заключны дзень чэмпіянату Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ

6 июня 2021

Чатыры медалі заваявалі сёння беларускія экіпажы на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ. Медальны тон задалі ў пачатку дня Уладзіслаў Літвінаў і Дзмітрый Натынчык.

У гонках мужчынскіх байдарак-двоек ім не было роўных. Наш экіпаж фінішаваў першым на дыстанцыі 500 метраў. Ззаду засталіся наймацнейшыя лодкі Украіны, Германіі, Партугаліі, Расіі і Францыі.

Вольга Клімава ўзяла золата ў жаночай каноэ-адзіночцы

Яшчэ адзін залаты медаль на дыстанцыі 5 тысяч метраў на каноэ ўпэўнена выйграла Вольга Клімава. Найбліжэйшага праследвальніка - Дору Харанью з Венгрыі - беларуска апярэдзіла больш чым на 17 секунд. Фінішавала Вольга прыгожа - у гордай адзіноце.

Сярэбранымі медалямі скарбонку беларускай дружыны ў Познані папоўніў экіпаж байдаркі-чацвёркі ў складзе Маргарыты Махневай, Вольгі Худзенкі, Надзеі Папок і Марыны Літвінчук. На дыстанцыі 500 метраў нашых дзяўчат абышлі толькі венгеркі.

А ў фінальным заездзе мужчынскай байдаркі-адзіночкі на 5 кіламетраў другім стаў Алег Юрэня. Яго вынік перасягнуў таксама толькі атлет з Венгрыі.

У медальным заліку зборная Беларусі на трэцім месцы

На кантынентальным форуме беларуская каманда заваявала восем узнагарод. З іх тры вышэйшай пробы, тры сярэбраныя і дзве бронзавыя. У медальным заліку Беларусь фінішавала на трэцім месцы, вышэй толькі зборныя Германіі і Венгрыі.