Зборная Беларусі па хакеі з гульцоў не старэйшых за 17 гадоў заваявала сярэбраныя медалі Кубка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба

10 ноября 2018

На малой пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" кіпелі пачуцці не на жарт: зборная Беларусі па хакеі, складзеная з гульцоў не старэйшых за 17 гадоў, заваявала сярэбраныя медалі дванаццатага традыцыйнага Кубка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У бітве за другое месца гаспадары лёду не пакінулі шанцаў аднагодкам з Латвіі - 8:1. Трыумфатарамі ж спаборніцтваў (восьмы раз у гісторыі) сталі хакеісты Расіі, у заключным сваім матчы разграміўшы зборную Казахстана 6:1.

Лепшым варатаром Кубка прызнаны беларус Аляксей Коласаў, лепшым абаронцам - расіянін Мікіта Каробкін, у яго партнёра па камандзе Ільі Іванцова тытул лепшага нападаючага, а вось лепшым бамбардзірам турніру з пяццю шайбамі стаў беларус Віталь Пінчук.

Адзначым, Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба - першы традыцыйны міжнародны турнір па хакеі ў Беларусі. У свой час у спаборніцтвах бралі ўдзел такія зоркі, як уладальнік Кубка Стэнлі Яўген Кузняцоў, дзеючы алімпійскі чэмпіён Мікіта Несцераў, самы каштоўны гулец моладзевага чэмпіянату свету па хакеі 2015 года славак Дзяніс Годла і, зразумела, знакамітыя беларусы: Артур Гарус, Яўген Лісавец, Ягор Шаранговіч, Іван Кульбакоў, Максім Сушко і іншыя.