Вялікі футбол ужо заўтра

19 октября 2015

Крыху больш за суткі застаецца да галоўнага паядынка восені ў нашай краіне. А менавіта: да стартавага свістка ў дамашнім матчы барысаўскага БАТЭ супраць дзеючага пераможца Лігі чэмпіёнаў - іспанскай "Барселоны". Вялікі футбол ужо заўтра! Самалёт з дэлегацыяй каталонскага клуба прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце літаральна праз 15 хвілін, і адразу ж каманда адправіцца ў адну са сталічных гасцініц. Згодна з папярэднім раскладам, у 20:30 пройдзе прэс-канферэнцыя гасцей з удзелам галоўнага трэнера "Барселоны" і аднаго з гульцоў.

Зусім хутка сюды, да гасцініцы, прыедзе аўтобус з "Барслелонай", каманду можна будзе ўбачыць на свае вочы, прычым у нашай краіне. Безумоўна, дзякуй барысаўскаму БАТЭ за гэта.

Каталонцы аднойчы прыязджалі ў Беларусь: у Лізе чэмпіёнаў у 2011-м каманды ўжо сустракаліся паміж сабой. Тады ў першым матчы жоўта-сінія саступілі 0:5, а ў гасцях 0:4. Той дамашні паядынак праходзіў у антуражы стадыёна "Дынама", на гэты ж раз ён пройдзе літаральна дома - на "Барысаў-Арэне". І, вядома ж, пры поўным аншлагу. Дарэчы, сёння ў продаж паступіла каля 300 білетаў, не запатрабаваных каталонскім клубам, дык вось, каб іх набыць, аматары футбола займалі чаргу яшчэ напярэдадні вечарам, а каса адкрылася толькі сёння ў тры гадзіны дня. Тут, як гаворыцца, без каментарыяў.

Што да сапернікаў, то заўтра сапраўды не ўбачым Ліянеля Месі - у яго траўма, аднак Неймар, які ў суботу забіў у вароты "Раё Вальекана" ў чэмпіянаце Іспаніі чатыры мячы, на полі сапраўды з'явіцца, уласна, як і яшчэ адна суперзорка "Барсы" - Луіс Суарэс.

Іншыя падрабязнасці складу гасцей пастараемся расказаць у сваім наступным уключэнні. У 20:30 павінна прайсці прэс-канферэнцыя "Барселоны". Што да БАТЭ, Аляксандр Глеб заўтра не згуляе, а астатнія футбалісты да чатырох матчаў групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў падыходзяць, што называецца, у абсалютным спакоі. Чэмпіянат краіны яны выйгралі датэрмінова, у мінулую пятніцу абгуляўшы "Віцебск", а з улікам перамогі над "Ромай" настрой баявы, таму заўтра ні пра што, акрамя "Барселоны", яны думаць не будуць. Аляксандр Ермаковіч, галоўны трэнер барысаўчан, сёння на прэс-канферэнцыі адзначыў: неабходны вопыт у гульні з грандами еўрапейскага футбола ў БАТЭ ёсць, і каманда можа паднесці чарговы сюрпрыз. Што ж, паглядзім.

Да паядынку застаюцца крыху больш за суткі. У прамым эфіры сустрэчу заўтра пакажа тэлеканал "Беларусь 2", пачатак у 21:45. Сёння ў рамках інфармацыйнага канала "Панарама" тэлегледачоў чакае вялікі сюжэт з каментарыямі галоўнага трэнера БАТЭ, меркаваннямі балельшчыкаў аб маючым адбыцца матчы і больш дэталёвым раскладзе перад гульнёй, таму не прапусціце.