Беларусы - чэмпіёны свету па міні-футболе

26 октября 2015

Наша зборная заваявала золата на Міжнародным турніры сярод паліцэйскіх і пажарных. У спартыўным форуме прымалі ўдзел 201 каманда з 41 краіны. Фінальная частка прайшла ў галандскім горадзе Грунла. Асабліва складаным, па меркаванні нашых спартсменаў, выдаўся паўфінал з камандай паліцыі Сербіі, якую атрымалася перамагчы толькі ў серыі пасляматчавых пенальці. У фінальным матчы зборная МУС Беларусі адолела сапернікаў з каманды ФСКН Расіі з лікам 2:1. Вызначыліся супрацоўнікі Дэпартамента аховы Эдуард Цівуноў і Аляксандр Крамянецкі. Дарэчы, асноўны касцяк каманды складаецца з прадстаўнікоў менавіта гэтага падраздзялення міліцыі.

Характэрна, што за ўвесь турнір беларусы не прайгралі ні адной сустрэчы. А іх было ні многа ні мала - 12. Зрынутыя апынуліся каманды паліцыі Германіі, Румыніі, Партугаліі, Сербіі і Расіі. Трэба адзначыць, што гэта другое запар золата, заваяванае на чэмпіянатах свету. Летась нашы таксама сталі першымі.