Baby Cup - лепшая стартавая пляцоўка для будучых чэмпіёнаў

17 декабря 2013

Сталічны Палац спорту сёння таксама запоўніўся дзіцячым смехам і пераднавагоднім настроем. Любімы мільёнамі прыхільнікаў мастацкай гімнастыкі Baby Cup праходзіць сёння.


З незабыўнага шоу вярнулася наш карэспандэнт Ганна Эйсмант.


Тут усё, як у вялікім спорце, - размінка, расцяжка і бясконцыя паўторы практыкаванняў - так рыхтуюцца выйсці на дыван Baby Cup юныя гімнасткі.


Упэўненасці гэтых чароўных чатырохгадовых дзяўчынак пазайздросціў бы кожны спартсмен. Сёння ім не да гульняў, бо яны так доўга рыхтаваліся да свайго галоўнага турніру.


Папугайчыкі, пчолкі, казачныя персанажы і нават Моцарт - фантазіі трэнераў і бацькоў не перастаюць працаваць і штораз здзіўляюць сваёй вынаходлівасцю: дэкарацыі да нумароў маглі б узяць свой Оскар, калі б такі давалі ў гімнастыцы.


Кожны год вось ужо на працягу 14 гадоў арганізатары імкнуцца здзівіць удзельнікаў і гасцей Baby Cup.


Гэтым разам юныя гімнасткі выступалі пад жывы гук, і гэта сапраўдны клас, бо да фінальнага выступлення ў дзяўчынак была магчымасць правесці ўсяго адну рэпетыцыю.


Цяперашні турнір праводзіцца ў юбілейны для беларускай мастацкай гімнастыкі год. 20 гадоў таму нацыянальная зборная нашый краіны ўпершыню выступіла на міжнароднай арэне. І сёння Ірына Ляпарская не сумняваецца, што Baby Cup - гэта лепшая стартавая пляцоўка для будучых чэмпіёнаў.


Baby Cup - не проста спаборніцтвы, гэта разумееш, калі бачыш вочы юных гімнастак, якія ўпершыню рыхтуюцца выйсці на дыван Палаца спорту, і калі за кулісамі сустракаеш выхаванак Ірыны Ляпарскай. Зараз яны прыходзяць падзяліць гэтае свята ўжо са сваімі дзецьмі. Сафі Грышына - дачка гімнасткі Святланы Рудалавай і алімпійскага чэмпіёна фрыстайліста Аляксея Грышына - рыхтуецца выступіць на Baby Cup ужо ў наступным годзе, а пакуль узмоцнена трэніруецца дома пад кіраўніцтвам маці.


Baby Cup за 14 гадоў свайго існавання заваяваў любоў мільёнаў прыхільнікаў мастацкай гімнастыкі, калі не верыце - паглядзіце дзіцячае шоу - самае шчырае і душэўнае - 21 снежня ў эфіры тэлеканала Беларусь 5 і 25 снежня на Беларусь 2.