Арына Сабаленка заяўлена Жаночай тэніснай асацыяцыяй у намінацыі "Прарыў месяца"

8 ноября 2017

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка заяўлена Жаночай тэніснай асацыяцыяй у намінацыі "Прарыў месяца". Прагаласаваць за беларуску можна на афіцыйным сайце WTA. Сама намінантка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай будучаму фіналу Кубка Федэрацыі, спачатку не паверыла ў праўдзівасць гэтых паведамленняў.

Наймацнейшым бокам жаночай зборнай Беларусі па тэнісе ў супрацьстаянні будзе камандны дух, а высокі рэйтынг амерыканак не трывожыць нашых спартсменак, заявіў капітан каманды Эдуард Дуброў. Зборная ЗША з учорашняга дня трэніруецца на корце "Чыжоўка-Арэны". Усе білеты на фінал прададзеныя. Ён пройдзе ў гэтыя выхадныя, прамая трансляцыя на "Беларусь 5" у суботу - у 14:10, у нядзелю - у 13:30.