Арына Сабаленка выйшла ў фінал турніру ў Нью-Хейвене

25 августа 2018

10 паядынкаў за два тыдні, дзіўная фізічная падрыхтоўка, характар і як вынік - выхад у фінал прэстыжнага турніру катэгорыі "Прэм'ер" у амерыканскім Нью-Хейвене. Арына Сабаленка за крок ад такога значнага трафея ў сваёй кар'еры. На гэты раз першай ракетцы Беларусі і 25-ай у свеце не страшная была 9-ая на планеце Юлія Гёргес. У паўфінале Арына даволі ўпэўнена абгуляла прадстаўніцу Германіі. На перамогу ў двух сэтах (6:4, 7:6) Сабаленцы спатрэбіліся амаль дзве гадзіны.

Пасля перамогі Сабаленкі неўзабаве стала вядома імя яе саперніцы па галоўным матчы турніру ў Нью-Хейвене. Карла Суарэс-Навара абгуляла Моніку Пуіг, аднак саперніца іспанкі не змагла сустрэчу прадоўжыць з-за траўмы яшчэ ў першым сэце. Гэта значыць, што Суарэс-Навара будзе больш свежай, аднак на працягу двух тыдняў Арына не раз дэманстравала свой выдатны фізічны і эмацыянальны стан. Фінал адбудзецца сёння ў 22 гадзіны па беларускім часе. Прамую трансляцыю глядзіце на "Беларусь 5". І ўжо на наступным тыдні ў Арыны выступленне на Адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе.