Арына Сабаленка ў паўфінале прэстыжнага тэніснага турніру ва Ухані

26 сентября 2019

Арына Сабаленка дабралася да паўфіналу прэстыжнага тэніснага турніру катэгорыі "Прэм'ер" ва Ухані! Летась беларуска выйграла мясцовыя спаборніцтвы з прызавым фондам амаль тры мільёны долараў. Сёння першая ракетка Беларусі ў трох сэтах даціснула прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну - 50-ю ў сусветным рэйтынгу. Першая партыя засталася за Сабаленкай 6:3, але ў другой апанентка ўзяла рэванш 6:1. З такім жа лікам, але ўжо на карысць Арыны завяршыўся вырашальны сэт. За выхад у фінальны матч беларуска заўтра будзе змагацца з першай сеянай - аўстралійкай Эшлі Барці. Летась у паўфінале Сабаленка без праблем прайшла менавіта Барці, а пасля і ўзяла трафей. Што ж, будзем лічыць гэта добрым знакам.