Антон Смольскі ўтрымлівае лідарства ў Кубку Садружнасці па выніках дзвюх гонак

9 сентября 2023

Субота, 9 верасня, багатая на падзеі. Карэспандэнт Андрэй Казлоў працуе ў Сочы і сочыць за поспехамі нашых спартсменаў на Кубку Садружнасці. Безумоўна, гэтым разам Сочы пакарыліся лідару беларускага біятлона Антону Смольскаму.

Смольскі ў сучасным біятлоне - гэта знак якасці. Так, могуць быць невялікія памылкі, аднак суцэльнае ўражанне ад працы на трасе і агнявых межах застаецца грунтоўнае.

Лідарам Смольскі ішоў з першых метраў у гонцы праследавання. Уладальнік жоўтай майкі на грудзі дабраўся і да фінішу першым нумарам. Характэрна, што ззаду ён пакінуў прызёраў і пераможцаў як Кубка свету, так і Алімпійскіх гульняў. Такім чынам, сезон, які стартаваў на алімпійскай трасе ў Сочы, пачаўся для Антона трыумфальна - дзве перамогі ў дзвюх асабістых гонках.

Напярэдадні стала вядома, што Антону Смольскаму Прэзідэнт Беларусі прысвоіў званне заслужанага майстра спорту, што падкрэслівае ўклад атлета ў развіццё спорту вышэйшых дасягненняў у нашай краіне.

10 верасня ў праграме этапу значацца заключныя мас-старты. За прамым эфірам сачыце на "Беларусь 5".