Аляксандр Лукашэнка павіншаваў членаў нацыянальнай каманды па веласпорце

24 сентября 2015

Трыумфальная перамога беларуса на чэмпіянаце свету па веласпорце на шашы ў амерыканскім Рычмандзе. Упершыню ў сваёй кар'еры і ў гісторыі беларускага веласпорту золата на спаборніцтвах такога ўзроўню ўзяў Васіль Кірыенка. Ён апярэдзіў усіх у гонцы з раздзельным стартам даўжынёй 53,5 кіламетра і атрымаў ліцэнзію на ўдзел у летняй Алімпіядзе ў Бразіліі.

Цяперашні сезон для велагоншчыка з Рэчыцы складваецца ўдала. У маі ён стаў пераможцам індывідуальнай гонкі з раздзельным стартам на "Джыра д'Італія", у чэрвені ўзяў золата на першых Еўрапейскіх гульнях у Баку. Нагадаем, на чэмпіянаце свету ў Рычмандзе яшчэ адзін залаты медаль у каманднай гонцы атрымала беларуска Алена Амялюсік. 

"Сваімі ўпэўненымі выступленнямі ў ЗША вы пацвердзілі славу беларускага спорту!" - менавіта так членаў нацыянальнай каманды павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усяму калектыву моцнага здароўя, поспеху і пакарэння новых вяршынь.