10-гадовы юбілей адзначыў валейбольны клуб "Мінск"

17 октября 2016

"10 гадоў - 10 гадзін валейбола". Пад такім дэвізам адзначыў свой юбілей валейбольны клуб "Мінск". Спартыўнае свята ладзілася ў сталічным Палацы спорту. На пляцоўку выйшлі зоркі клуба і ветэраны валейбола, а таксама юныя спартсмены і аматарскія каманды. Конкурсы, падарункі і канцэртная праграма чакалі ўсіх наведвальнікаў свята. А тыя, хто на мерапрыемстве зацікавіўся валейболам, маглі на месцы запісаць дзяцей у спартыўную школу.

Аляксандр Мішын, гендырэктар ВК "Мінск": "Вельмі шмат футбола, вельмі шмат хакея. І вельмі хочацца звярнуць увагу на валейбол. Від спорту вельмі прыгожы, дынамічны. Мужчынская каманда “Будаўнік” - візітная картка беларускага валейбола, а 10 гадоў таму каманды ўвогуле не існавала. Зараз мы сяміразовыя чэмпіёны Беларусі”.

Аксана Шаўцова, дырэктар СДЮШАР ВК "Мінск": “У структуры клуба працуе СДЮШАР, якой у наступным годзе споўніцца 50 гадоў. Увесь трэнерскі склад, адміністрацыя клуба і школы накіроўваюць сваю працу на тое, каб дзеці, прыходзячы ў спартыўную школу, палюбілі валейбол і стараліся трэніравацца добра, каб трапіць у нашы прафесійныя каманды”.

Падчас спартыўнага свята прадэманстравалі публіцы і новы талісман клуба. Падтрымліваць гульцоў цяпер будзе жырафа па мянушцы Жора.