Адбылася тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім

5 августа 2020
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё двухбаковых адносін, падрыхтоўку III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які плануецца правесці восенню ў Гродне. Адзначаная неабходнасць прыкласці максімум намаганняў для таго, каб гэтае мерапрыемства прынесла важкія практычныя вынікі, паслужыла актывізацыі супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі таксама абмеркавалі эпідэміялагічную сітуацыю ў краінах, меры па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса, абмяняліся назапашаным у гэтым плане вопытам. Размова таксама ішла аб узмацненні пагранічнага кантролю на беларуска-ўкраінскай мяжы і актывізацыі ўзаемадзеяння паміж пагранічнымі ведамствамі.

Уладзімір Зяленскі закрануў у гутарцы пытанне аб затрыманых у Беларусі баевіках. Ён паінфармаваў, што яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Данбасе, і ўкраінская пракуратура вядзе расследаванне па гэтых фактах. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць па гэтым пытанні ў рамках падпісаных з Расіяй і Украінай міжнародных пагадненняў.