Состоялся разговор Александра Лукашенко с главой Европейского банка реконструкции и развития

18 февраля 2015

Для нашай краіны гэта арганізацыя - найбуйнейшы інвестар у прыватныя сектары. Гісторыя ўзаемадзеяння вялікая - дзясяткі найбуйнейшых праектаў і сумарны аб'ём інвестыцый больш чым паўтара мільярда еўра. Сёння ж абмяркоўвалі кірункі для развіцця ўзаемнага патэнцыялу. Найбольшыя перспектывы - у галіне ЖКГ, мадэрнізацыі транспартнай сістэмы і аграбізнесе. На што могуць разлічваць беларускія брэнды і прадпрыемствы - раскажа Ілона Красуцкая.

За допінг фінансавы гэты брэнд па вытворчасці трыкатажу ўжо сапраўды не асудзяць канкурэнты. Хутчэй, толькі пазайздросцяць. Для сеткі магазінаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліў не толькі пазыку, але і распрацаваў маркетынгавую стратэгію. Праз усяго год пасля старту праекта продажы ўзляцелі на 30%. Кампанія таксама адкрыла 4 дзясяткі фірмовых магазінаў у Беларусі, Расіі і Казахстане. Бізнес-планы звярстаныя і для еўрапейскага рынку.

Святлана Сіпарава, дырэктар кампаніі па вытворчасці бялізны і трыкатажу: "З іх дапамогай быў створаны аддзел маркетынгу, наша кампанія пачала надаваць увагу ўласнаму брэнду, пабудове фірмовай сеткі. З іх дапамогай быў створаны канцэпт магазінаў, якія мы зараз актыўна і развіваем. У нас ужо 70 гандлёвых пунктаў".

Група кампаній пры падтрымцы Банка ажыццявіла не адзін дзясятак праектаў. Папулярызацыя брэнда, распрацоўка дызайну магазінаў і многае іншае. Кіраўнічы аўдыт па еўрапейскіх стандартах дазволіў швейнай вытворчасці ступіць далёка наперад. Зараз гэта адно з наймацнейшых прадпрыемстваў краіны, з выдатнай лагістыкай.

Беларуска-швейцарскі завод пад Мінскам адкрыўся ў лістападзе мінулага года. Тут укаранёныя сучасныя тэхналогіі Заходняй Еўропы. Выпускае новае пакаленне грамадскага транспарту: камфартабельныя электрацягнікі, якія паспелі ацаніць не толькі беларускія пасажыры, у тым ліку і вось такія двухпавярховыя мадэлі. "Штадлер-Мінск" - таксама ў ліку праектаў, удзел у фінансаванні якіх прымаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця - найбуйнейшы інвестар у рэгіёне, нацэлены на развіццё прыватнага сектара, і, акрамя выдзялення ўласных сродкаў, прыцягвае значныя аб'ёмы прамых замежных інвестыцый. Амаль чвэрць стагоддзя фінансавая структура падтрымлівае трансфармацыю эканомік у дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. І не толькі. У ліку асноўных акцыянераў - краіны ЕС, ЗША і Японія. Да гэтай фінансавай арганізацыі Беларусь далучылася ў 1992 годзе. І вось сёння Банк трывала замацаваўся ў топе найбуйнейшых інвестараў.

Больш як 20 гадоў партнёрства. 70 найбуйнейшых праектаў. Сферы палярныя: ад вытворчасці напояў да рухомага саставу.

Банк уклаў у эканоміку Беларусі больш як паўтара мільярда еўра. Аб'ём інвестыцый на працягу апошніх трох гадоў вырас у чатыры разы.

Дэлегацыі савета дырэктараў Банка - у нашай краіне госці частыя. А вось візіт яго кіраўніка першы ў гісторыі. На гэтай пасадзе Сума Чакрабарці адносна нядаўна - 2 з паловай гады. Выхадзец Індыі, зрабіў паспяховую кар'еру дзяржслужачага ў Вялікабрытаніі і стаў першым брытанцам, абраным на гэтую пасаду. Супадзенне або тэндэнцыя, але раней яго займалі толькі французы і немцы. Пад кіраўніцтвам Чакрабарці ў 2013 годзе Банк зацвердзіў новую стратэгію для Беларусі. Засяродзіліся выключна на фінансаванні прыватнага сектара. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае сыйсці ад рамак.

Будучае супрацоўніцтва не было завуаліравана ў агульных фразах. Бакі гаварылі аб пэўных праектах: сфера ЖКГ, аграбізнес. Ды і ў апошні час прывабнасць Беларусі ў якасці транзітнага калідора ўзрасла значна. Адна з відавочных прычын - падзеі ў суседняй Украіне. Аляксандр Лукашэнка запрашае Банк удзельнічаць і ў праектах па мадэрнізацыі транспартных калідораў.

Высокага госця сустракалі сёння не толькі ў Палацы Незалежнасці. Старшыня Банка правёў перамовы і з кіраўніком беларускага Міністэрства замежных спраў. Як сапраўдны фінансіст, засяроджаны Чакрабарці не быў шчодры на ўсмешкі. Прафесія накладвае адбітак, але слова не разыходзіцца са справай. За сталом перамоў ён не раз паўтарыў: задаволены рэалізацыяй сумесных з Беларуссю праектаў.

Што ж, відавочна, і на гэты год у Банка амбіцыйныя планы ў Беларусі. Але ў ліку прапаноў не толькі ін'екцыі фінансавыя. Для беларускіх брэндаў Банк гатовы стаць бізнес-кансультантам. Будзь то новы сайт, распрацоўка прыкладання для смартфона, або зусім новая структура кіравання. Больш за сотню беларускіх кампаній ужо скарысталіся прапановай.

Візіт кіраўніка Банка ўзрадаваў не толькі бізнес, але і журналістаў. І хай грошы любяць цішыню, гучных загалоўкаў падаў досыць. Зрэшты, Чакрабарці сёння больш як гадзіну размаўляў з журналістамі тэт-а-тэт. Праз СМІ адправіў меседж беларускаму бізнесу.

Сума Чакрабарці, старшыня Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця: "Што датычыцца прыцягнення інвестараў у краіну, то зараз мы ўжо вядзём перамовы з патэнцыйнымі гульцамі, але не будзем раскрываць усе карты. У цэлым мы імкнёмся падвоіць нашы намаганні, каб тыя інвестары, якія пакуль не працавалі ў Беларусі, натхніліся паспяховым прыкладам Штадлера, і прыйшлі на гэты рынак".

Два дні візіту. Дзясяткі прадуктыўных сустрэч. Адзін са знакавых вынікаў - на фінансавую падтрымку зараз могуць разлічваць не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя кампаніі. Выпрацоўваецца новая стратэгія ўзаемаадносін Беларусі з Банкам да 2018 года. Яе, а таксама новыя праекты, абмяркуюць падчас бліжэйшай сустрэчы з дэлегацыяй савета дырэктараў Банка.