Сёння абаронцаў Айчыны ўшаноўвалі ў Палацы Рэспублікі

22 февраля 2016

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з надыходзячым святам - Днём абаронцы Айчыны і Узброеных сіл - усіх вайскоўцаў краіны.

Віншаванне ад Кіраўніка дзяржавы на ўрачыстым сходзе, прысвечаным святу, зачытаў Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась. Сёння абаронцаў Айчыны ўшаноўвалі ў Палацы Рэспублікі. Нягледзячы на ўсю ўрачыстасць мерапрыемства, самі запрошаныя звалі гэту сустрэчу - сустрэчай без гальштукаў. Афіцэры змаглі ўбачыцца са сваімі калегамі, а таксама пераняць вопыт у галоўных гасцей свята - ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У кулуарах Палаца Рэспублікі сабраліся як цяперашнія абаронцы Айчыны, так і тыя, хто дзесяцігоддзі таму абараняў межы краіны.

Андрэй Раўкоў, Міністр абароны Беларусі: "Мы сёння святкуем дзень нараджэння Узброеных сіл. Вядома, падводзім пэўныя вынікі для сябе. Мы ўспамінаем і ўшаноўваем ветэранаў, якія паклалі сваё здароўе, свае нервы, свой розум, свае здольнасці на алтар удасканалення Узброеных сіл дзяржавы. Гэта і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны Узброеных сіл. Вядома, гэта і цяперашняе пакаленне, якое сябе аддае, каб абараназдольнасць краіны і нацыянальная бяспека была на вышыні".

Павіншаваць абаронцаў Айчыны ў Палацы Рэспублікі сабраліся і артысты ў пагонах, і зоркі беларускай эстрады. Тэлеверсія святочнага канцэрта выйдзе ў эфір заўтра на тэлеканале "Беларусь 1".