Развіццё фермерскіх гаспадарак і ўборачная кампанія - пад кантролем на вышэйшым узроўні

29 июля 2016

Дысцыпліна і гаспадарскі падыход у прыярытэце. Гэтая тэма чарговы раз гучала сёння з вуснаў Кіраўніка дзяржавы падчас рабочай паездкі па Мінскай вобласці.

У гэтыя хвіліны Аляксандр Лукашэнка наведвае гаспадарку "Цнянскія экапрадукты". На яго прыкладзе лідар знаёміцца з развіццём фермерства ў краіне. Прадпрыемства спецыялізуецца на вырошчванні бульбы і збожжавых. Тут выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі бульбы, што дазваляе прадаваць прадукцыю на любых рынках. Але такія прыклады фермерства, на жаль, пакуль рэдкасць. Прэзідэнт заклікае не спяшацца з перадачай дзяржуласнасці прыватнікам.

На палях фермерскай гаспадаркі "Цнянскія экапрадукты" Прэзідэнт азнаёміўся з ходам уборачнай. Аграрыі ўжо намалацілі два мільёны трыста тысяч тон збожжа. Нягледзячы на капрызы надвор'я, сёлета ўраджайнасць вышэйшая за леташнюю. Убрана траціна палёў. Прэзідэнту далажылі пра вынікі рэалізацыі дзяржпраграмы развіцця сяла, дзякуючы якой за 5 гадоў атрымалася падвоіць вытворчасць сельгаспрадукцыі.

Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта па Мінскай вобласці - у нашых наступных выпусках.