Прэзідэнт разгледзеў кадравыя пытанні

14 октября 2014
Справядлівае стаўленне да людзей, адсутнасць бюракратызму і дакладнае разуменне сваёй справы... Такія галоўныя патрабаванні агучыў сёння Кіраўнік дзяржавы, прызначаючы новых кіраўнікоў.


Асноўныя змяненні закранулі Камітэт дзяржкантролю, Акадэмію навук і мясцовыя органы ўлады. Усяго новыя пасады атрымалі 19 чалавек. Гаворачы аб першарадных задачах, Прэзідэнт падкрэсліў, што кіраўнікі павінны быць сапраўднымі прафесіяналамі. І ў аснову сваёй працы закласці прынцыпы сумленнасці і справядлівасці.


Хто сёння атрымаў новыя пасады - падрабязнасці ў Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.


Сённяшні дзень у Прэзідэнта Беларусі прайшоў пад дэвізам вялікай кадравай палітыкі. Аляксандр Лукашэнка прызначыў адразу 19 кіраўнікоў. Асноўныя змяненні - у Камітэце дзяржкантролю, Акадэміі навук і выканаўчых органах улады.


Месца старшыні дзяржкантролю было вакантнае са жніўня гэтага года. 63-гадовы Аляксандр Якабсон, які кіраваў Камітэтам дзяржкантролю больш як тры з паловай гады, перайшоў на іншую працу. Сёння ён - памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Мінску. Усе гэтыя гады яго правай рукой і першым намеснікам быў Леанід Анфімаў. Са жніўня да кастрычніка ён выконваў абавязкі старшыні дзяржкантролю, таму, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яго кандыдатура ідэальна падыходзіць на гэтае месца.
Асаблівыя даручэнні ў Прэзідэнта да новых кіраўнікоў выканаўчых органаў улады.


Сёння Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне адразу васьмі чалавек. Ад іх ён запатрабаваў чалавечага і справядлівага стаўлення да людзей. Кожны зварот трэба разглядаць індывідуальна, у той жа час дапамога, у першую чаргу, павінна прыйсці да тых, хто жыве ў нястачы.


Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сучасны кіраўнік - гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Ён павінен умець дакладна ставіць задачы перад падпарадкаванымі і жорстка кантраляваць іх выкананне.


Старшынёй Брэсцкага райвыканкама прызначаны Аляксандр Рагачук. Раней ён быў кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста. Сёння на гэтую пасаду прызначаны Вадзім Краўчук. Кастрычніцкі райвыканкам узначаліў Руслан Глушко. А намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама стаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Лісковіч.


Міхаіл Карповіч узначаліць Лідскі райвыканкам, а Аляксандр Максіменка, які раней адказваў за фінансавы маніторынг у Камітэце дзяржкантролю, стаў першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама. Зараз яго прамая задача - развіццё сельскай гаспадаркі ў вобласці. Вопыт ёсць.


І сёння Кіраўнік дзяржавы прызначыў новых кіраўнікоў на эканамічна важныя дзяржаўныя аб'екты. Прэзідэнт падкрэсліў: з іх прыходам прадпрыемствы павінны павысіць якасць прадукцыі і стаць канкурэнтаздольнымі. Так генеральным дырэктарам Магілёўліфтмаша прызначаны Барыс Кавалеўскі. Як прадаваць і рэкламаваць беларускія ліфты - ён ведае ў дасканаласці. Раней займаўся маркетынгам на гэтым жа прадпрыемстве.


А завод газетнай паперы ўзначаліць Юрый Лука. Раней тут жа займаў пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці, таму ведае моцныя і слабыя бакі прадпрыемства.
Новы кіраўнік з'явіцца і ў Акадэміі навук Беларусі. Сяргей Якаўчык узначаліць навукова-практычны цэнтр па механізаванні сельскай гаспадаркі. Дырэктарам дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прызначаны Васіль Півавар. А намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя стаў Сяргей Хрушчоў. Яго задача - павысіць культуру земляробства, бо прыгажосць беларускай прыроды - нацыянальны брэнд.



І сёння ж Прэзідэнт прызначыў новага пасла ў Калумбіі, Нікарагуа і Панаме па сумяшчальніцтве. Ім стаў Ігар Палуян. Паўднёвую Амерыку ведае дасканала. Бо да гэтага ўзначальваў дыпмісію ў Эквадоры. Намеснікам старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта стаў Алег Марозаў. А дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі ўзначаліць Ірына Бабчонак. Дарэчы, адзіная жанчына ў сённяшнім спісе прызначэнняў.