Прэзідэнт даручыў правесці працу па рэфармаванні дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта

22 декабря 2016

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці працу па рэфармаванні дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў напярэдадні, калі прызначаў новае кіраўніцтва гэтага дзяржоргана. Кіраўніком Адміністрацыі стала Наталля Качанава. Першым намеснікам  -  Максім Рыжанкоў.  Менавіта гэтае ведамства павінна паказваць прыклад дэбюракратызацыі і аптымізацыі для ўсіх дзяржаўных структур. Новым кіраўнікам давядзецца працаваць і над узняццем прэстыжнасці статусу дзяржслужбоўцы. Сутнасцю зробленых крокаў Кіраўнік дзяржавы назваў абнаўленне. Пры гэтым ён падкрэсліў, што патрэбен новы погляд на арганізацыю ўзаемадзеяння ўсіх галін улады.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць ідэалагічнага складальніка ў працы Адміністрацыі. Адзначыў пры гэтым, што частка адпаведных функцый і паўнамоцтваў павінна перайсці да прэс-сакратара Прэзідэнта. Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на аптымізацыі працы памочнікаў Кіраўніка дзяржавы.  У цэлым Адміністрацыя Прэзідэнта задае тон працы для ўсіх дзяржорганаў, падкрэсліў Прэзідэнт,  і ад рашэнняў палітычнага штаба залежыць жыццё кожнага беларуса.

Таксама напярэдадні Кіраўнік дзяржавы прызначыў Андрэя Паўлючэнку начальнікам службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі. Дагэтуль ён працаваў на пасадзе начальніка ўпраўлення ў гэтай структуры. Даючы згоду на гэтае прызначэнне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Андрэй Паўлючэнка - чалавек вопытны, і яму ўласцівая жалезная выканаўчасць. На думку Кіраўніка дзяржавы,  менавіта гэтая якасць павінна быць стылем працы любога кіраўніка не толькі ў сілавых структурах.