Старшыня праўлення Белкаапсаюза далажыў Прэзідэнту аб рэбрэндынгу ў арганізацыі

24 сентября 2018

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся са старшынёй праўлення Белкаапсаюза. Валерый Іваноў далажыў Прэзідэнту аб рэбрэндынгу ў арганізацыі. Гэта цалкам новы сэрвіс, асартымент тавараў і даступнасць паслуг у сельскай мясцовасці, нават у самых аддаленых пунктах краіны, куды прыватнік сёння не імкнецца. За 8 месяцаў гэтага года адкрыты 12 пунктаў крокавай даступнасці, з'явіліся 9 аўтакрам, мадэрнізавана больш за 400 гандлёвых аб'ектаў. Арганізацыя адкрыла 15 сетак харчавання. Вядома, ёсць і праблемы. У Палацы Незалежнасці гаварылі аб павышэнні канкурэнтаздольнасці, аптымізацыі штата арганізацыі. Да размовы аб будучыні спажыўкааперацыі вернуцца на ўзроўні Прэзідэнта, вялікая нарада запланавана на люты.

Штомесяц аб'ём рознічнага тавараабароту Белкаапсаюза складае больш за 170 мільёнаў рублёў. Гэта 5,5 % ад агульнага аб'ёму продажаў сярод гандлёвых арганізацый краіны. Але ў асобных раёнах доля спажыўкааперацыі дасягае 70 %, як, напрыклад, у Дрыбінскім, Ушацкім і Краснапольскім. Магазіны Белкаапсаюза сёння ёсць у кожным з 1420 аграгарадкоў краіны і нават у самых аддаленых пунктах, дзе насельніцтва менш за 50 чалавек.