Віншаванне з Днём беларускай навукі

25 января 2015

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў дзеячаў навукі, работнікаў навукова-даследчых інстытутаў і вышэйшых навучальных устаноў з прафесійным святам - Днём беларускай навукі.

"Высокая кваліфікацыя, прафесіяналізм і плённая праца беларускіх навукоўцаў атрымалі прызнанне не толькі ў нашай дзяржаве, але і далёка за яе межамі. Стваральны і інтэлектуальны патэнцыял навуковай і педагагічнай супольнасці з'яўляецца адным з найважнейшых элементаў інавацыйнага развіцця краіны", - гаворыцца ў віншаванні.

"Навука павінна служыць інтарэсам грамадства, бо яго поспехі напрамую залежаць ад вашых дасягненняў. Асабліва важны кірунак - навуковае суправаджэнне працэсаў мадэрнізацыі дзеючых і стварэння новых вытворчасцяў. Вынікі працы беларускіх даследчыкаў неабходна больш актыўна прымяняць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што для захавання і ўмацавання айчынных навуковых школ патрэбна пастаянная праца з маладымі навукоўцамі. "Упэўнены, што вашы веды і вопыт у далейшым дазволяць дасягаць усё больш важкіх вынікаў і спрыяць паспяховаму развіццю роднай Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пажадаў беларускім навукоўцам здароўя, натхнёнай працы, шчасця і дабрабыту.