Кіраўнік дзяржавы здзейсніў рабочую паездку па Гродзенскай вобласці

24 марта 2017

Пасяўная кампанія ў рэгіёнах, прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых працоўных месцаў. Усе гэтыя важныя для краіны, ды і для кожнага беларуса тэмы гучалі сёння падчас рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы па Гродзенскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў сваё нядаўняе даручэнне - разабрацца да 1 мая з працаўладкаваннем беспрацоўных грамадзян, адзначыўшы, што людзі павінны самі шукаць працу, але дзяржаве неабходна дапамагчы ім. Прэзідэнт наведаў "Саўгас "Лідскі" і азнаёміўся з ходам вяснова-палявых прац. Дарэчы, ужо засеяна амаль 10% плошчаў, адведзеных пад раннія яравыя збожжавыя культуры. Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў мясаперапрацоўчае прадпрыемства "Арвібелагра", дзе плануецца стварыць 170 новых працоўных месцаў. А яшчэ сёння была размова з працоўным калектывам. Пра ўсё па парадку - Наталля Брэвус.

Пасяўная ў Беларусі ўжо стартавала. Цёплая вясна сёлета дазволіла аграрыям выйсці ў палі крыху раней. Імкнуцца выціснуць максімум з ранняй сяўбы. Асабліва ў паўднёвых рэгіёнах. Бо, як абвяшчае народная мудрасць: вясновы дзень год корміць.

Праца на зямлі набірае абароты. Там, дзе глеба прагрэлася лепш за ўсё, сеюць авёс і зернебабовыя. А вось паўночныя рэгіёны яшчэ на нізкім старце. Ход прац звычайна пачынаюць глядзець на Гомельшчыне, але сёлета гутарка з Прэзідэнтам на гэтую тэму ў Гродзенскай вобласці. Адразу пасля прыезду пра важны праект - рэканструкцыю трасы на абласны цэнтр. Гэта праект з Сусветным банкам. Дарогу спяшаюцца завяршыць да Еўрапейскіх гульняў. Аляксандр Лукашэнка заўважае, што было б нядрэнна выкарыстаць прылеглую тэрыторыю з розумам.

Але галоўная тэма, вядома, палявыя працы і развіццё АПК. Гатоўнасць тэхнічнага парка, наяўнасць угнаенняў - гэта важна. Усе пытанні вырашаюцца.

На першым месцы ў АПК павінна стаяць дыктатура тэхналогій, не раз нагадваў Аляксандр Лукашэнка. Ад гэтага ў выніку будзе залежаць эфектыўнасць, а значыць - і канкурэнтаздольнасць сельгасарганізацый. Ад гэтага будзе скакаць ужо і зарплата.

Сёлета жадаюць атрымаць важкі нацыянальны каравай пад 9 мільёнаў тон збожжа. Ураджай мінулага года быў не рэкордным. Моцны вецер у шматлікіх месцах паклаў зерневыя. Часта наракаюць аграрыі на надвор'е.

Лідскі раён невялікі. Тут жывуць ледзь больш за 130 тысяч чалавек. Не змог пахваліцца высокай ураджайнасцю. Такой, напрыклад, як у суседнім Гродзенскім. Гэта галоўны перадавік рэспублікі. Наогул, гродзенцы ўдарна працуюць не толькі ў АПК. Ды і сітуацыя з занятасцю змянілася ў апошнія месяцы - гаворыць губернатар.

У ідэале, вядома, трэба ствараць працоўныя месцы. Гэта задача для ўрада і губернатараў. Такія могуць з'явіцца ў сувязі са стварэннем новага завода па вытворчасці азотных угнаенняў. На іх попыт і ў нас, і за мяжой. Вядома, гэта нятанны праект, пад мільярд еўра. Але таго варта.

Невыпадкова такая ўвага да рэгіёнаў і, у прыватнасці, да сяла. Бо менавіта АПК стаў сур'ёзным артыкулам валютных даходаў краіны. У 2016-м зарабілі на экспарце больш як 4 мільярды долараў. Далей разлічваюць атрымліваць і таго больш.

Спецыяльную лінейку сельгасмашын паказваюць Прэзідэнту. Гэта тэхніка, якая ўносіць угнаенні з розумам. Ад гэтага залежыць павышэнне ўраджайнасці, гэта на карысць жывёлагадоўлі, зніжаюцца энергетычныя выдаткі. Невыпадкова распрацоўшчыкі былі сярод сушукальнікаў Дзяржпрэміі ў галіне навукі і тэхнікі.

Справай жыцця для каманды навукоўцаў-аграрыяў стала стварэнне тэхнікі, якая дазваляе ўносіць угнаенні кропкава. Але за простай фармулёўкай доўгія гады карпатлівай працы тых, хто прыйшоў ад зямлі і хварэў душой за сельскую гаспадарку. У свой час практыкі заўважылі, што палі - і не палі зусім, а "цяльняшкі". Цёмныя і светла-зялёныя палосы на іх - прыкмета нераўнамернасці ўнясення ўгнаенняў. Як уносіць угнаенні? Калі і ў якіх дозах? Вылічвалі ў лабараторыях, майстэрнях. Адказ шукалі і на палях. Разлікі шакіравалі: краіна ўсе гэтыя гады недаатрымлівала мінімум 25% ураджаю.

За апошнія два дзясяткі гадоў Беларусь вырашыла вельмі няпростую задачу. Да распаду СССР практычна ўсю тэхніку краіна завозіла з Расіі, Украіны, Кыргызстана і іншых саюзных рэспублік. А зараз прадаем мы.

40 патэнтаў - як прызнанне навізны нашых навуковых рашэнняў. 2 дзясяткі мадыфікацый машын. Добрыя ўраджаі - як вынік іх укаранення ў рэальнае жыццё. Зараз ужо сапраўды можна сказаць, што гэта справа тэхнікі. Навукоўцы падлічылі: у выніку краіна зможа атрымаць больш збожжа і сэканоміць тоны паліва.

Будучыня ў аграпраме за вялікімі комплексамі. Найболей эфектыўныя буйныя інтэграваныя кампаніі. Менавіта такія сёння здольныя паспяхова працаваць на сусветных рынках. Прыклад такі ёсць у Лідзе. У пачатку года тут адкрыўся завод па перапрацоўцы мяса індычкі.

Літоўская кампанія прыйшла ў Беларусь гады чатыры таму. Выпрабавальным шарам стаў завод па ўтылізацыі і перапрацоўцы прадуктаў жывёльнага паходжання. Яшчэ тады літоўскаму бізнесмену стала зразумела, што добрасумленным фундатарам у Беларусі зялёнае святло.

Апошнім часам да нас прыйшла мода на мяса птушкі. Пачынаючы з 2010, гэтая галіна вырасла ўдвая. А індычка - дыетычны прадукт, асабліва падыходзіць спартсменам, дзецям і тым, хто ахоўвае фігуру. Праўда, пакуль сярэднестатыстычны беларус з'ядае грамаў 200 мяса індычкі, еўрапейцы - 4 кілаграмы. Амерыканцы, напрыклад, усе 7. Прэзідэнт прызнаўся, што на яго стале стравы з індычкі бываюць не часта, але пасля дэгустацыі абяцаў перагледзець сваё меню.

Група кампаній "Арві" - адзіная ў Балтыі спецыялізуецца на індычыне. У краіне гэта перспектыўны сегмент на рынку. Ёсць некалькі вытворцаў, але рынак наш і еўразійскі здужае і больш такой прадукцыі.

Існуе легенда, што ў 19 стагоддзі на фермах літоўскіх графаў індычак кармілі арэхамі і чырвоным віном, каб мяса набыла вытанчаны смак. У 2018-м у планах камбікормавы завод - гэта значыць поўны цыкл вытворчасці ад гадоўлі, выпуску кармоў да перапрацоўкі прадукцыі. Увесь праект ацэньваюць у 30 мільёнаў еўра.

Сучасная вытворчасць, адладжаныя тэхналогіі і 170 новых працоўных месцаў - вось такія бонусы для рэгіёна, а галоўнае - для Лідскага раёна.

З такімі фундатарамі, хто не толькі спрабуе зарабіць, але бярэ на сябе адказнасць за людзей, за справу, за вынік, у Беларусі гатовыя працаваць сур'ёзна . І ўсё роўна, гаворка ідзе аб інвестыцыях у прамысловасць або АПК. Падтрымаюць.

Ведаючы, што Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на высокую пасаду, як і шматлікія беларусы, вядзе сваю невялікую гаспадарку, літоўцы падарылі лепшых птушак. Было прыкметна, што Прэзідэнту па душы і падарунак, і падыходы фундатара да працы ў Беларусі.