Беларускі бізнес пазбавяць залішняга кантролю

22 сентября 2017

Сёння ў Палацы Незалежнасці гаварылі пра чарговыя крокі па разняволенні дзелавой ініцыятывы.

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся са старшынёй Камітэта дзяржкантролю. Леанід Анфімаў прадставіў Аляксандру Лукашэнку праект указа аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці. У прыватнасці, ад пакаранняў прапануецца перайсці да прафілактычнай працы. А замест планавых праверак акцэнт зрушыцца на выбарачныя. Акрамя таго, кантралёр больш не зможа выносіць загады аб прыпыненні дзейнасці прадпрыемства, яго цэхаў, абсталявання і вытворчасці. Гэта права застаецца выключна за кіраўніком Але пры гэтым менавіта на яго кладзецца ўся адказнасць (аж да крымінальнай) за ліквідацыю парушэнняў.

Кіраўнік дзяржавы не раз заяўляў публічна, што супраць залішняй рэвізіі, якая перашкаджае бізнесу развівацца. У гэты аўторак быў зроблены яшчэ адзін крок насустрач прадпрымальнікам. Указ Прэзідэнта вызначыў віды дзейнасці, для якіх не трэба адкрываць ІП. У спісе, напрыклад, тыя, хто рамантуюць мэблю, гадзіннікі і абутак, займаюцца пашывам адзення, выконваюць аддзелачныя работы або ствараюць сайты. Сёння Прэзідэнт чарговы раз запатрабаваў, каб кожная праверка была абгрунтаванай. У адваротным выпадку наглядныя органы панясуць адказнасць у выглядзе штрафаў. Сачыць за якасцю працы кантралёраў будуць у спецыяльна створаным міжведамасным савеце пры Камітэце дзяржкантролю.

Пасля сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы старшыня КДК распавёў журналістам аб галоўных падыходах і навацыях разгледжанага праекта ўказа. Дакумент, у першую чаргу, накіраваны на лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу і адыход ад пільнага кантролю.

Леанід Анфімаў, Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі:

"Пералік кантралюючых органаў скароціцца на траціну. Таксама скарачаюцца сферы кантрольнай дзейнасці, каб выключыць дубліраванне і хаджэнне дарэмна кантралюючых органаў па суб'ектах гаспадарання. Калі ён будзе падпісаны, праект указа будзе законным для ўсіх кантралёраў. Калі будуць нейкія адступленні ад прапісаных норм і правіл, значыць, будуць прымяняцца адпаведныя санкцыі да кантралёра. Дапусцім, парушэнне тэрмінаў праверкі, непрад’яўленне або нерэгістрацыя загадаў, выхад за рамкі апытальніка, які даецца суб'екту гаспадарання для праверкі".

Асноўныя палажэнні новага ўказа Кіраўнік дзяржавы сёння адобрыў. Дакумент дадуць на подпіс Прэзідэнту да 1 кастрычніка. Новаўвядзенні ўступяць у сілу з 1 студзеня. Зрэшты, у Палацы Незалежнасці сёння гаварылі не толькі пра эканоміку. 1 верасня кіраўнік КДК віншаваў з Днём ведаў школьнікаў з вёскі Слабодка. Леанід Анфімаў уручыў першакласнікам кнігі, спартыўны інвентар. У сваю чаргу дзеці абавязкова папрасілі пры асабістай сустрэчы перадаць падзяку Кіраўніку дзяржавы і самыя добрыя пажаданні.

Дакумент аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці - адзін з некалькіх па лібералізацыі бізнесу ў краіне. Урад зараз працуе над поўным пакетам. Нагадаем, дэдлайн 1 кастрычніка. На наступным тыдні да гэтага пытання зноў вернуцца на ўзроўні Прэзідэнта.