Аляксандр Лукашэнка павіншаваў супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў з Днём міліцыі

4 марта 2021

Сёння беларускія праваахоўнікі адзначаюць прафесійнае свята. З Днём міліцыі супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Кожны з вас штодня знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы са злачыннасцю, справай даказваючы адданасць краіне і народу, захоўваючы пры гэтым прыхільнасць слаўным традыцыям, якія былі закладзены ветэранамі службы", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў мінулым годзе асабліва выразна праявілася значнасць органаў правапарадку ў забеспячэнні стабільнасці грамадства і бяспекі грамадзян. "Гэта, безумоўна, быў адзін з самых складаных перыядаў у біяграфіі беларускай міліцыі. Аднак вы годна справіліся з замахамі на канстытуцыйны лад дзяржавы. Да канца выканалі свой абавязак, праявіўшы мужнасць, стойкасць і высокі прафесіяналізм. Паказалі сябе сапраўднымі патрыётамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што праваахоўнікі і надалей будуць рабіць усё магчымае для таго, каб надзейна абараніць прававыя асновы дзяржаўнага ладу, нейтралізаваць выклікі і пагрозы для эканомікі і мірнага жыцця беларусаў. "Дзякую за сумленную, бездакорную службу. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту", - дадаў кіраўнік дзяржавы.