Цяжкасці інтэграцыйнага аб'яднання абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка з кіраўніком калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі

1 марта 2020
За дзень да вялікага з'езду на вышэйшым узроўні абмяркоўвалася яшчэ адно вялікае пытанне. Больш маштабнае ў дзяржаўным сэнсе. Беларусь за рэальную інтэграцыю! Вось так проста Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў пазіцыю па развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза. 
Кіраўнік дзяржавы рэзка, але праўдзіва выказаўся аб цяжкасцях росту інтэграцыйнага аб'яднання. Зрэшты, нас гэта не здзівіла: Прэзідэнт заўсёды адкрыта гаворыць пра тое, пра што іншыя маўчаць! Ну а як маўчаць, калі плюс да ўсяго сёлета Беларусь  старшынствуе ў ЕАЭС. Ды і ўсе ведаюць: афіцыйны Мінск на інтэграцыйных пляцоўках статыстам не быў ніколі.
Падставай абмеркаваць усе гэтыя пытанні стала сустрэча з новаспечаным кіраўніком калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. А там з лютага працуе наш чалавек - Міхаіл Мясніковіч. Праблем на еўразійскім трэку хапае. Гэта і шматлікія перашкоды ў гандлі, дзе правілы часам дыктуе адкрыты манапалізм, і адсутнасць адзінай палітыкі ў найбуйнейшых сектарах эканомікі: ад прамысловасці да транспарту. 
Асноўную прычыну - чаму дагэтуль не ўдалося дамовіцца па многіх пытаннях - наш Прэзідэнт бачыць у відавочнай пасіўнасці і нават абыякавасці краін - удзельнікаў  ЕАЭС. А яшчэ так і не рэалізаваныя цалкам свабоды, якія дэклараваліся больш чым пяць гадоў таму. Іх няма, а значыць  і няма роўных умоў для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. 
Асобна гаварылі і  пра беларуска-расійскія адносіны.