Зіма працягвае ўступаць у свае правы

26 ноября 2013
Мяркуючы па прагнозах, гэта толькі пачатак. Слупкі тэрмометраў апусціліся месцамі да мінус 6. Ужо гэтай ноччу чакаецца ўзмацненне марозу. Як падрыхтавалася сталіца да зімы, і для каго снег у радасць?

Матэрыял Аляксандра Хараўца.

Ранак аўторка сустрэў мінчан і гасцей сталіцы зімовым подыхам. Вышыня снежнага покрыва хоць і склала каля двух сантыметраў, аднак сур'ёзных праблем ні на дарогах, ні у дварах не стварыла. У Мінску здарылася крыху больш за сотню дробных аварый, у якіх ніхто сур'ёзна не пацярпеў.

Большасць аўтаўладальнікаў насамрэч да надыходу зімы падышлі адказна і памянялі летнія шыны на зімовыя. Таму нават легкая галалёдзіца іх не напалохала.

Чысціня і ў сталічных дварах. Дарожкі яшчэ зранку дворнікі пасыпалі рэагентамі. Таму пешаходы дыскамфорту не адчулі. А вось гасцей сталіцы з паўднёвых краін прыход холаду застаў знянацку. Муана Аміма - студэнтка БДУ - прыехала да нас з Мазамбіка. Снег бачыць упершыню. Дзяўчына прызнаецца, што сёння апранула ўсё цёплае. Аднак пагуляць у снежкі - яе даўняя мара.

Першы снег сустрэлі з пазітывам і многія мінчане. Прычым, у кожным узросце сваё, адметнае стаўленне.

Каму снег у радасць, дык гэта дзятве. Асабліва для выхаванцаў дзіцячых садкоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з энтузіязмам лепяць снегавікоў, будуюць крэпасці, ладзяць снежныя баталіі і нават спрабуюць на смак першы снег.

Малыя ўжо рыхтуюцца да Новага года і з радасцю дзеляцца сакрэтамі пераўтварэння снежнага камяка ў снегавіка.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, зіма пакуль адступаць не плануе. Чакаецца ўзмацненне ветру і маразоў. На тыдні тэмпература ноччу апусціцца да мінус 9. А самая нізкая дзённая - 4 марозу.